У Брэсцкай крэпасці прайшоў мітынг-рэквіем

24 мая 2019

На акцыю "Мы гэтай памяці верныя" Беларускага фонду міру з'ехаліся навучэнцы кадэцкіх класаў з усёй краіны. Напярэдадні Дня пагранічніка яны ўшанавалі памяць загінуўшых пры абароне цытадэлі. Школьнікі пранеслі партрэты герояў, чыімі імёнамі названыя заставы і вуліцы. Сярод іх - лейтэнант Аляксей Наганаў, капітан Іван Зубачоў і лейтэнант Андрэй Кіжаватаў. Мітынг сабраў больш за 700   удзельнікаў, сярод іх маладыя людзі, міратворцы, прадстаўнікі рэлігійных канфесій, ветэраны Вялікай Айчыннай.

Максім Місько, старшыня праўлення Беларускага фонду міру: "Мы імкнемся ва ўсіх нашых мерапрыемствах задзейнічаць моладзь не як назіральніка, а як актыўнага ўдзельніка. Пасля мітынгу будзе экскурсія па Брэсцкай крэпасці, каб усе маглі паглядзець і ўспомніць пра гераічны подзвіг пагранічнікаў і беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны".

Удзельнікі мітынгу ўсклалі кветкі да Вечнага агню і ўшанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання. Дзеці выпусцілі ў неба белых галубоў   як сімвал   міру.