У батанічным садзе НАН Беларусі адкрыўся зімовы фестываль "Свет крышталяў"

11 февраля 2017

Гэтым творам мастацтва не падуладны час. Даўгавечнасць залежыць выключна ад прагнозу надвор'я - чым большы мінус, тым даўжэй скульптуры захаваюць творчую задумку майстра. Сёння ў батанічным садзе НАН Беларусі адкрыўся зімовы фестываль "Свет крышталяў". Аранжарэяй трапічных раслін, для якіх наадварот, мароз пагібельны, упрыгожылі 17 скульптур. Звычайны снег і лёд за тры дні майстры ператварылі ў абстрактныя карціны і інтэрактыўныя аб'екты. Здавалася б, узімку застылая вада - самы бюджэтны матэрыял для творчасці. Але не ўсё так проста. Кубы змёрзлай вады паднімалі з Камсамольскага возера вадалазы. Каб даставіць ледзяны маналіт у майстэрню пад адкрытым небам, спатрэбілася чатыры рэйсы грузавіка. Як расла ледзяная алея?

Усе этапы ўбачыла Аляксандра Драгун. Гэтыя аб'ёмныя кубы быццам толькі што дасталі з формы для замарозкі. Насамрэч ледзяны маналіт паднімалі са дна Камсамольскага возера вадалазы-ратавальнікі. Чатыры рэйсы на грузавіку - і застылая вада ў майстэрні пад адкрытым небам.

Звонкія і празрыстыя дэталі скульптары складаюць быццам піраміду. Для трываласці швы паміж ледзянымі пазламі склейваюць талай вадой і надаюць бясформеннай грудзе мастацкі вобраз.

Крышталі сушаць фенам і нават разгладжваюць ледзяныя зморшчынкі прасам. Такія выпрабаванні толькі гартуюць матэрыял і надаюць крыштальную чысціню.

На рабочай пляцоўцы вольныя скульптары, вучні Акадэміі і каледжаў мастацтваў. У кожнай каманды свой эскіз, дрэс-код жа адзін.

Рос ледзяны горад на вачах у гасцей батанічнага саду. Сёння - кульмінацыя фестывалю, калі ўсе тэхнічныя працы ззаду, і выразна бачныя працы скульптараў.

Побач з трапічнымі раслінамі, для якіх крыасаўна за акном пагібельная, за тры дні вырас зімовы сад. А гэта дзясятак снежных і сем ледзяных скульптур са сваёй творчай задумай. Дарэчы, арт-аб'екты інтэрактыўныя. Да іх можна не толькі дакрануцца, на некаторыя з іх можна нават і прысесці.

Трон Снежнай Каралевы, крыштальны каўчэг, альтанка для закаханых і сюжэты з філасофскім сэнсам. Экскурсіі па ледзяной галерэі сёння праходзілі пад жывую музыку. Каб не змёрзнуць, гасцям прапаноўвалі гарачую гарбату, зімовыя забавы і танцы.

Даўгавечнасць скульптур залежыць выключна ад прагнозу надвор'я. Крыштальны вернісаж знікне з прыходам вясновага цяпла.