У Барысаўскім раёне прайшоў выязны праект "Тата-школа"

8 августа 2016

Навучэнцамі акадэміі сямейнага дабрабыту сталі бацькі са сваімі дзецьмі. Штодня яны вывучалі не матэматыку ці фізіку, а адно аднаго. Прычым заняткі набывалі выгляд сямейных віктарын. З кандыдатамі на званне супертаты пазнаёміўся Ян Пашкевіч.

Хаця Павел і Даша Нікіфаравы ведаюць адно аднаго звыш 10 гадоў, але адказаць на ўсе пытанні сямейнай віктарыны з першай спробы аказалася зусім няпроста. Пры гэтым бацька з дачкой заўсёды былі блізкімі сябрамі і маглі лёгка знайсці агульную мову. Свой водпуск Павел таксама вырашыў прысвяціць дзяўчынцы - на адзін тыдзень сямейны тандэм пасяліўся ў лагеры "Тата-школа".

Шэсць гадоў таму на аналагічным праекце па-новаму "пазнаёміўся" са сваім сынам і Міхаіл Мацкевіч. Бацька не толькі знайшоў з дзіцем шмат агульных інтарэсаў - ён ўбачыў у сваім маленькім хлопчыку маладога мужчыну з шырокім кругаглядам. Сёння ж свае веды Міхаіл ахвотна перадае іншым шукальнікам сямейнага шчасця.

Спартыўныя эстафеты, творчыя нумары і псіхалагічныя гульні. За 4 дні ў сямейным лагеры "Тата-школа" бацькі разам з дзецьмі перажывалі перамогі і пройгрышы, але пры гэтым загартоўвалі камандны дух - вучыліся падтрымліваць і суперажываць.

Раман Кручкоў, каардынатар праекта "Тата-школа": "Ідэі шведскія, але рэалізуюцца на беларускай зямлі. Самае важнае, што павінне вынесці адсюль дзеці і таты - гэта ўменне мець зносіны".

Такія выязныя заняткі ў акадэміі сямейнага дабрабыту ладзяць кожнае лета. На працягу ж года ўрокі ў "Тата-школе" праходзяць у Мінску, прычым "паступіць" могуць як мужчыны, якія рыхтуюцца стаць бацькамі, так і дасведчаныя таты з дзецьмі-падлеткамі.

Напрыканцы ж праекта дзяцей і бацькоў аб'яднала будаўніцтва дома-мары, прычым распрацоўвалі праект усе разам - так, каб кожны змог прадэманстраваць свае творчыя здольнасці. Нехта адказваў за будаўніцтва, а нехта за аздабленне будучага дома.

Самабытны домік са стракатымі упрыгажэннямі і мудрагелістымі ўзорамі будаўнікі-аматары стваралі з кардонных шэрых каробак. Для дарослых і маленькіх навучэнцаў адмысловы дом стаў яркім пацвярджэннем, што з любога матэрыялу разам можна стварыць нешта сапраўды каштоўнае.