У найбліжэйшыя выхадныя па ўсёй краіне пройдзе рэспубліканскі суботнік

20 апреля 2016

У шматлікіх рэгіёнах ужо пачалі навядзенне парадку. Па традыцыі ўсе заробленыя сродкі будуць накіраваны на развіццё важных сацыяльных аб'ектаў. Напрыклад, у Віцебскай вобласці яны пойдуць, у тым ліку, на завяршэнне рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу "Прарыў". Дарэчы, праца па добраўпарадкаванні тут пачалася задоўга да суботніка. Разам са спецыялістамі на вялізнай тэрыторыі працуюць шматлікія неабыякавыя беларусы. Пра ўнёсак кожнага ў агульную справу - Марына Раманоўская.

Плошча мемарыяльнага комплексу "Прарыў" - больш за 3 гектары. Апошнія месяцы на гэтай вялізнай тэрыторыі з раніцы і да вечара працуюць дзясяткі спецыялістаў. Паспець завяршыць рэканструкцыю трэба да Дня Перамогі. Зараз усе сілы будаўнічых брыгад накіраваны на добраўпарадкаванне мемарыяла і ўладкаванне парковак. Сродкі, сабраныя падчас суботніка, дапамогуць ажыццявіць усе задумкі архітэктараў. Ахвотна дапамагае будаўнікам моладзь.

Мемарыяльны комплекс "Прарыў" захоўвае памяць аб подзвігу партызан падчас блакады ў маі 44-га. Іх было 17 тысяч супраць 60-тысячнага войска карнікаў. Узятыя ў цеснае акружэнне, партызаны распачалі адчайную спробу прарыву. Прабіўшы варожую блакаду, яны вывелі з акружэння 15 тысяч мірных жыхароў.

Мемарыял "Прарыў" быў адкрыты больш за 40 гадоў таму. Ён уключае адразу некалькі маштабных кампазіцый. Бетонныя груды сімвалізуюць разарванае варожае акружэнне. На плітах выгравіраваны імёны загінуўшых. У цэнтры мемарыяльнага комплексу ўзвышаецца 7-метровая бронзавая фігура партызана. Дарэчы, толькі на яе рэстаўрацыю спецыялістам спатрэбілася каля паўгода.

Працоўны дэсант сёння прыводзіў у парадак і прыбярэжную тэрыторыю Шпітальнага вострава Брэсцкай крэпасці. Каля сотні чалавек збіралі смецце і чысцілі ад зараснікаў берагі рэк Мухавец і Заходні Буг. За працу ўзяліся не чакаючы 23 красавіка.

Частка сабраных сродкаў на рэспубліканскім суботніку пойдзе на будаўніцтва Гомельскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы. Тут з'явіцца сучасны медыцынскі комплекс на 538 месцаў.

Зрабіць свой унёсак у адну вялікую агульную справу можа кожны. Для пераліку сродкаў у кожным рэгіёне будуць адкрыты разліковыя рахункі. І яшчэ некалькі гадзін працы на свежым паветры. Для гэтага, як гавораць энтузіясты, зусім не абавязкова чакаць выхадных.