У найбліжэйшыя некалькі дзён перыядычна можа быць да мінус 28

27 февраля 2018

Надвор'е зноў б'е рэкорды. Так у Магілёўскай вобласці ўпершыню за паўстагоддзя слупок тэрмометра апусціўся ніжэй за 30 градусаў. Халадней за ўсё гэтай ноччу было ў Клічаве і Бабруйску.

У найбліжэйшыя некалькі дзён перыядычна можа быць да мінус 28. Ратавальнікі раяць выконваць меры засцярогі. У прыватнасці, байцы МНС рэкамендуюць кіраўнікам арганізацый забяспечыць дадатковае дзяжурства на прадпрыемствах і падрыхтаваць мабільныя крыніцы цеплазабеспячэння. Выканкамам даручана арганізаваць аператыўнае інфармаванне насельніцтва аб змене тэмператур. А канцэрну "Белнафтахім" забяспечыць наяўнасць на запраўках дызельнага паліва "Арктыка".

Дарэчы, ім і не быў запраўлены аўтамабіль грамадзяніна Германіі, якога напярэдадні выбаўлялі супрацоўнікі МНС у Глубоцкім раёне. З-за моцнага марозу яго паліва ў машыне змерзла. У аўтамабілі таксама знаходзіліся яго жонка і трохгадовае дзіця. Дзякуючы ратавальнікам гісторыя скончылася паспяхова. Як высветлілася, сям'я прыехала з Германіі ў госці да беларускіх сяброў.