У Беларусі ўведзеная абавязковая ўзроставая маркіроўка для сродкаў масавай інфармацыі

2 июля 2017

Размова аб спецыяльных значках - ад нуля да 18. Гэта датычыцца і замежных СМІ. Аднак ёсць і шмат выключэнняў. У нюансах новага закону разбіралася Вольга Анішчанка.

Пра тое, што інфармацыйная прадукцыя ў Беларусі атрымае знакі ўзроставых катэгорый, стала вядома яшчэ летась. Папраўкі ў закон аб СМІ, дарэчы, прымала папярэдняе скліканне дэпутатаў. Так што, гледачоў і чытачоў да новаўвядзення рыхтавалі дасканала. Галоўным чынам - дарослых. Для іх гэта яшчэ адна падстава прыгледзецца, ці па ўзросце дзіцяці тэле- і друкаваны кантэнт.

Новыя патрабаванні - фактычна для любой інфармацыі, тлумачаць дэпутаты. Аб узроставых пажаданнях папярэдзяць на тэлеэкране, аб'явяць па радыё, надрукуюць у газеце. Зараз маркіраваць будуць і камп'ютарныя гульні, і нават культурныя падзеі. Па білеце з пазнакай 18+ непаўналетніх ужо не пусцяць. "Не нашкодзь" - галоўны прынцып абноўленага закону.

Маркіроўка друкаванай прадукцыі - на сумленні выдаўцоў. Яны пазначаць газеты і часопісы, у тым ліку ўсё, што паступае на беларускі рынак з-за мяжы. Аднак маркіроўка спатрэбіцца не ўсім. Грамадска-палітычную прэсу (за ёй, дарэчы, ледзь ці не палова рынку), навуковую або навукова-папулярную прадукцыю ад узроставага цэнзу вызваляць. Для кнігі - а літаратура таксама ў гэтым спісе - выключэнняў менш. Маркіраваць не трэба толькі класіку.

Змены заўважыць не толькі чытач, але і тэлеглядач. У вуглу экрана спецыяльны знак падкажа, падыходзіць праграма ўзрасту або трэба яшчэ падрасці. "Панарама" - таксама ў ліку выключэнняў. Навінавыя выпускі на тэлеканалах маркіраваць не будуць. Прамыя эфіры таксама вынеслі за рамкі. Паслабленні закрануць і шэраг іншых тэлепраграм.

Адмысловыя патрабаванні - для інтэрнэт-рэсурсаў. Ім маркіраваць свой кантэнт неабавязкова. Але паколькі падлеткавая інтэрнэт-аўдыторыя ўражвае сваімі памерамі, у Міністэрстве інфармацыі ўпэўненыя: калі ўладальнікі прымуць такое рашэнне аб маркіроўцы, яго несумнеўна будуць вітаць.