У пятніцу Прэзідэнт адкрыў новы будынак Вярхоўнага суда

7 апреля 2019

У пятніцу Прэзідэнт сумесна з судзейскім корпусам, юрыстамі і кіраванцамі высокага ўзроўню адкрыў новы будынак Вярхоўнага суда. 

І чырвоная стужка, і сам будынак у форме вагаў багіні юстыцыі - гэта, вядома, сімвалы. Больш важна, і гэта не раз падкрэслівалася на ўнікальнай па кампетэнтнасці нарадзе пасля цырымоніі адкрыцця, - не форма, а змест прававой сістэмы дзяржавы і прававой культуры грамадства. А тут ёсць чым ганарыцца і што ўдасканальваць. 

Суд хуткі і справядлівы - гэта галоўны запыт грамадства да служыцеляў Феміды. Цяганіна, карупцыя, ціск на незалежную галіну ўлады чыноўнікамі або праз новыя інфармацыйныя тэхналогіі - недапушчальныя. Кіраўнік дзяржавы як гарант канстытуцыі паабяцаў і надалей жорстка караць за дыскрэдытацыю аўтарытэту суда і перашкоды правасуддзю. 

З іншага боку, і сам судзейскі корпус, займеўшы новы цэнтр, або Палац правасуддзя, павінен зрабіць некалькі выразных крокаў для мадэрнізацыі сістэмы. Напрыклад, вырашана: да 1 верасня будучага года пройдзе лічбавізацыя суда - ад Вярхоўнага да раённага. А гэта і хуткасць разгляду спраў, і поўная празрыстасць працэсу, і фільтр супраць злоўжыванняў, і нават новая этыка і эстэтыка ў зале суда. Анлайн або ў лічбавай базе ўсе памылкі як на далоні - у папяровы пратакол не спакуеш і за друкаванымі фармулёўкамі не схаваеш.

Яшчэ адно рашэнне - кадравая праца. Адказваючы на запыт судзейскага корпусу, Прэзідэнт паабяцаў падтрымаць рашэнні па мадэрнізацыі Інстытута перападрыхтоўкі суддзяў і навядзенні парадку на юрыдычных факультэтах Вышэйшай школы. Больш за ўсё прэтэнзій да камерцыйных альма-матар. 

Варта адзначыць, што, выказаўшы базавыя, вострыя пытанні і запыты дзяржавы і грамадства да судоў розных інстанцый, Прэзідэнт далікатна пакінуў юрыстаў працягваць вялікую размову аб правасуддзі. Каб прафесіяналы самі выпрацавалі дарожную карту мадэрнізацыі суда і праз кіраўніка Адміністрацыі прапанавалі ўзгодненыя навацыі. 

Па выніках нарады мы налічылі звыш двух дзясяткаў такіх пэўных прапаноў. Зрэшты, усе яны кладуцца ў стройную, справядлівую і практычную сістэму новага беларускага права, якая пасуе новаму будынку Вярхоўнага суда.