У Беларусі навукоўцы выявілі найстаражытнейшае селішча ў Карэліцкім раёне

18 июля 2021

У Беларусі - новы археалагічны помнік. Навукоўцы выявілі найстаражытнейшае селішча ў Карэліцкім раёне. Як раз зараз яго даследуюць спецыялісты Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Гродзенскага ўніверсітэта. Знаходак - тысячы, і некаторыя цягнуць на гістарычную сенсацыю. Падрабязнасці ў Алены Борматавай.


Месца, дзе жылі людзі 10 тысяч гадоў таму. На старажытнае паселішча выйшлі летась. Археалагічная разведка на адным квадратным метры глыбінёй 40 сантыметраў выявіла звыш 700 артэфактаў. І гэта прытым, што з археолагаў нават ніхто не думаў сюды ісці. 


Вобрына 1. Новы археалагічны помнік на беразе Ушы. 

Раскопкі праходзяць першы сезон. Да гэтага навукоўцы выязджалі толькі на разведку. Месца помніка - заліўны луг. Яшчэ сто гадоў таму тут было балота, якое на картах пазначалі як Воўчае. 

Выяўленыя артэфакты розных гістарычных перыядаў - фінальнага палеаліту, мезаліту, неаліту і жалезнага веку. Знойдзена шмат прылад для апрацоўкі шкуры – скрабкі, крамянёвыя нажы. Выявілі цёслы і сякеры - гэта значыць, што тут людзі займаліся і апрацоўкай дрэва.

Знайсці касцяны гарпун у гэтай мясцовасці – гістарычная сенсацыя. А даследаванні толькі пачаліся. Археалагічны сезон не завершаны, а колькасць знаходак набліжаецца да 6 тысяч. Дамінуе неаліт.

Месца даследуюць супрацоўнікі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук і студэнты Гродзенскага дзяржуніверсітэта

Зрабілі адзін раскоп, але даволі вялікі - 28 квадратных метраў. Ен разбіты на квадраты метр на метр. Найбольшая канцэнтрацыя знаходак на глыбіні 25 сантыметраў. На 10 сантыметраў глыбей знаходак значна менш. 

Некалькі дзясяткаў метраў ад раскопу – лагер археолагаў. Падзелены на зоны – жылая, сталовая і навуковая. У апошняй працуе палявая лабараторыя. 

Знаходкі трапляюць сюды. Іх падпісваюць і раздзяляюць, каб дакладна ведаць, у якім квадраце, на якой глыбіні знойдзены артэфакты. 

Паблізу ад новага археалагічнага помніка выяўлена яшчэ некалькі дзясяткаў рознага перыяду - фінальны палеаліт, бронзавы, жалезны вякі. Гэта даволі перспектыўны мікрараён. Для сучаснай гістарычнай навукі ен можа даць вельмі вялікі пласт інфармацыі пра засяленне Панямоння.