У Беларусі сёння - Дзень памяці ахвяр халакоста

2 марта 2017

75 гадоў таму адбыўся адзін з самых масавых пагромаў мінскага гета. За адзін дзень было знішчана больш як пяць тысяч чалавек. У гады вайны ў беларускую сталіцу былі звезеныя яўрэі з Германіі, Аўстрыі, Польшчы, Чэхаславакіі. Большасць ахвяр таго пагрому на месцы мемарыяла "Яма".

Да сакавіцкага пагрому ў Мінску прайшлі дзве акцыі масавага знішчэння яўрэйскага насельніцтва. 20 тысяч чалавек былі забітыя падчас лістападаўскіх нацысцкіх аперацый. Акрамя мясцовых, знішчалі яўрэяў з Заходняй Еўропы, якіх дастаўлялі ў Мінск эшалонамі. У 1942 годзе трэці пагром быў спланаваным і прадуманым. Праходзіў пасля Ванзейскай канферэнцыі, што адбылася ў Берліне і на якой і быў выпрацаваны дакладны план рэалізацыі канчатковага вырашэння яўрэйскага пытання. Ніводны з 11 мільёнаў яўрэяў Еўропы не павінен застацца жывым. Толькі на тэрыторыі Беларусі было знішчана ад 600 да 800 тысяч чалавек. Канчатковая і дакладная лічба не вядомая і сёння.

Кузьма Козак, гісторык: "Адбівалася палітыка або культура забойства, якая ў большай ступені, як мне здаецца, вызначаная пазіцыяй Гімлера, які быў у Мінску ў жніўні 41-га года. І пасля чаго забілі псіхічных хворых у Навінках, пасля чаго перасталі карміць і абслугоўваць медыцынскім абслугоўваннем ваеннапалонных у Масюкоўшчыне".

Мінскае гета было адным з самых буйных на тэрыторыі Еўропы. У яго ўваходзілі 39 вуліц з цэнтрам на Юбілейнай плошчы. Па перыметры гета было агароджана калючым дротам. З кожным пагромам кола звужалася. Людзей станавілася менш. Жывых перасялялі з месца на месца.

Да сакавіка 1942, памятаючы папярэднія пагромы, у многіх дамах мінскага гета былі створаны так званыя маліны. Дзякуючы тайнікам на гарышчах і ў скляпах, удалося выратаваць тысячы людзей.

Вуліцу Сухую вязні гета называлі дарогай смерці. Па ёй на яўрэйскія могілкі адвозілі памерлых. Тут былі выкапаныя чатыры катлаваны, дзе пахаваны 5 з паловай тысяч чалавек. Аднак усіх забітых пахаваць тут было немагчыма.

Катлаван на скрыжаванні сучасных вуліц Заслаўскай і Мельнікайтэ быў яшчэ да пачатку Вялікай Айчыннай. Знаходзіўся ён па-за межамі мінскага гета. Аднак менавіта тут былі знішчаны тысячы людзей падчас аднаго з самых буйных нацысцкіх пагромаў другога сакавіка 42-га года. Пасля трагедыі пясчаны кар'ер мінчане сталі называць Ямай.

Многіх сюды скідвалі яшчэ жывымі, у тым ліку дзяцей з дзіцячага дома, якіх прывялі да катлавана разам з дырэктарам і выхавальнікамі. А ў 47-ым тут з'явіўся першы ў СССР помнік знішчаным яўрэям. Чорны абеліск устанаўлівалі на ахвяраванні вязняў гета і сведкаў той трагедыі. Тэкст на ідышы паэта Хаіма Мальцінскага, чалавека які страціў тут сваіх родных. Абеліск і цяпер тут, хоць у 2000-ым з'явіўся бронзавы мемарыял ахвярам халакоста.