У Беларусі вырашылі зрабіць драўлянае домабудаванне даступным - што з гэтага выйшла?

25 ноября 2023

Ці можна зрабіць драўлянае домабудаванне даступным? У Беларусі ўзяліся за гэтую няпростую задачу з падачы Прэзідэнта. Высокія цэны на зрубы адбівалі ўсялякае жаданне выкарыстоўваць у якасці сыравіны драўніну. У выніку было даручана прадумаць меры па патанненні лесу для прыватнага будаўніцтва. Логіка простая: гэта аднаўляльны і экалагічны рэсурс. А галоўнае - ён свой і яго шмат. Так беларускія лясгасы сталі рабіць домакамплекты. Як гэта зрабіла загарадную нерухомасць таннейшай - падрабязнасці ў сюжэце Вольгі Анішчанкі.

Прафіляваны брус камернай сушкі з ветравым замком, які выключае прадзіманне. Унутры такая сцяна запаўняецца мінеральнай ватай або экаватай. А ў выніку атрымліваецца трывала, герметычна і цёпла. Выкарыстоўваецца скандынаўская тэхналогія. У нас такую любяць. Галоўным чынам таму, што драўніна ўжо высушаная, а значыць усадкі не дае. Купляй, засяляйся і жыві.

Дамы па скандынаўскай тэхналогіі ўжо пачалі ўзводзіць пад Гроднам, у аграгарадку Падлабенне. Лясгас дамы збірае, а Гроднажылбуд даводзіць да фінішу. Тут упэўненыя: сабраць такі зруб пад сілу звычайным будаўнікам. У кожнага домакамплекта ёсць свой пашпарт і інструкцыя. Хто любіць лега, таму спадабаецца.

Два тыдні на зборку - і можна спраўляць уваходзіны. Праўда, пакуль такую тэхналогію асвоілі не ўсе, а толькі Навагрудскі і Астравецкі лясгасы.

Астравецкі праект, што пабольш, уключае 90 кв. м. Тут тры спальні, санвузел, вялікі тамбур, вялікая гасцёўня-кухня. Дом прасторны. Каштуе ён 70 тыс. рублёў. За гэтыя грошы гаспадар атрымлівае сцены, кроквенную сістэму, падлогу і столь. За зборку і дастаўку прыйдзецца заплаціць асобна.

На выездзе з Мінска знаходзіцца цэлая калекцыя. Выбірай і заказвай. 60 дзён - і домакамплект даставяць заказчыку. Цэны стартуюць ад 18 тыс. рублёў. Але гэта хутчэй не дом, а домік - 35 кв. м. А дом на 84 квадраты аддаюць за 30 тыс. рублёў.

Драўляныя дамы пайшлі ў народ. Больш чым 20 камплектаў ужо прададзена. Хтосьці заказвае на лета будучага года. Цана фіксаваная, плаціш 50 %, а астатняе потым. Затое на момант зборкі можна быць упэўненым, што лясгасы больш не папросяць. Намеснік міністра лясной гаспадаркі адзначыў, што праект удалы. А ўласная гандлёвая сетка па ўсёй краіне (на сёння такіх пляцовак ужо 15) гарантуе лепшую цану.

Спрабуюць зрабіць таннейшым драўлянае домабудаванне і распрацоўкай тыпавых праектаў. Сёння іх пяць - ад 50 да 105 квадратаў у розных варыянтах выканання. А каб зрабіць агульныя выдаткі на пабудову дома меншымі, Мінлясгас разлічвае падключыць да супрацоўніцтва яшчэ і сумежныя кампаніі, якія дапамогуць і з падмуркам, і з дахам. Словам, зробяць пад ключ. І ўсё гэта можна будзе заказаць на адной пляцоўцы. Пакуль гэта будучыня. А сучаснасць - інтэрнэт-партал гандлёвай сеткі Мінлясгаса (пад брэндам "Лясны домік"), дзе выбраць сабе дом мары можна нават не ўстаючы з канапы.