У Беларусі прайшлі кантрольныя заняткі па кіраванні ракетнымі ўдарамі і агнём артылерыі

8 апреля 2014

Асаблівасць гэтых вучэнняў - іх маштабнасць. Такія манеўры праводзяцца кожныя паўгода, але ўпершыню дзеянні разгарнуліся адразу на трох палігонах Заходняга аператыўнага камандавання.


За актыўнай фазай вучэнняў сёння назіраў і наш карэспандэнт Юрый Шаўчук.


Маштабныя манеўры пачаліся напярэдадні, адначасова на трох палігонах. На Брэсцкім і Асіповіцкім на баявое дзяжурства заступілі ракетчыкі. На Обуз-Лясноўскім, па традыцыі, супрацьстаянне ўмоўнаму саперніку аказалі артылерысты.


Асноўная, актыўная фаза вучэнняў разгарнулася на Обуз-Лясноўскім палігоне пад Баранавічамі. Тут прайшлі кантрольныя заняткі па кіраванні ракетнымі ўдарамі і агнём артылерыі Заходняга аператыўнага камандавання.


Вось ён шквальны залп беларускай артылерыі. Адначасова з пяці ўстановак у бок умоўнага бандфарміравання выпускаецца 20 снарадаў. З хуткасцю да 700 метраў за секунду боезапас літаральна змятае саперніка. Толькі адна батарэя накрывае 15 гектараў плошчы, ператвараючы зону паражэння ў бясплодную пустыню. Кожны залп падрыхтоўваецца пад дакладным кіраваннем афіцэрскага складу.


Разведку артылерыі ў паветры забяспечваюць беспілотныя апараты, на зямлі - спецназ. Прыкрыццё з флангаў на сябе ўзялі мінамётчыкі. 5 разлікаў са 100-працэнтнай дакладнасцю гатовыя адправіць свае снарады ў бок саперніка за лічаныя секунды.


Такія вучэнні артылерысты і ракетчыкі праводзяць кожныя паўгода, але ўпершыню манеўры сваім маштабам ахапілі адразу тры палігоны. Яшчэ адна асаблівасць гэтых кантрольных заняткаў - раптоўная перадыслакацыя войскаў. Па плане вучэнняў, батарэі павінны быць гатовыя ў любы момант памяняць сваё месцазнаходжанне.


Алег Зямскоў, начальнік ракетных войскаў і артылерыі Узброеных Сіл Беларусі: Асноўная цэлевая ўстаноўка - падрыхтоўка і праверка менавіта органаў кіравання. У рэальным маштабе часу прымаць рашэнні, ставіць задачы. Такім чынам выконваць задачы аператыўнай і баявой падрыхтоўкі.


Агульная ацэнка вучэнняў будзе дадзена пасля падвядзення вынікаў. Без сумненняў, асобай праверцы падвергнецца аператыўнае камандаванне. Аднак сумненняў у высокай боегатоўнасці падраздзяленняў практычна няма. Нават сёння, пры складаных умовах, зладжанасць, якую прадэманстравалі злучэнні, нараканняў не выклікала. Усе цэлі паразілі з дзіўнай дакладнасцю. А манеўранасць ракетнай артылерыі заўсёды была на высокім узроўні.