У Беларусі працягваецца дэмаркацыя меж з Украінай

8 августа 2017

А таксама вядзецца ўмацаванне дзяржаўных меж у гэтым кірунку. Так, у новым фармаце запрацавала застава "Дзівін" у Кобрынскім раёне. Яна ахоўвае сухапутны ўчастак працягласцю 23 км. Раней пагранічнікі неслі службу ў палявых умовах. Зараз для аховы мяжы створаная ўся інфраструктура. Пабудавана нават службовае жыллё.

Вікторыя Патоня сустрэлася з тымі, хто нясе вахту на паўднёвых межах краіны. Мяжа з Украінай, аграгарадок Дзівін. Тут - рэжымная зона, а значыць - кантроль. Усталяваны пагранічны пост. Трапіць у прымежжа зараз можна толькі па пашпарце. Так перамяшчаецца тэхніка, мясцовыя жыхары і турысты. Да новаўвядзення ставяцца па-рознаму.

На мяжы з Украінай у літаральным сэнсе наводзяць парадак. Вядзецца дэмаркацыя і ўмацаванне меж. Доўгі час паблізу ад Дзівіна "арудавалі" кантрабандысты - перакідвалі цэлыя партыі нелегальных грузаў. Сыходзілі нават табуны коней. Дзевяць гадоў таму тут з'явілася мабільная застава. Сёння - гэта паўнавартаснае падраздзяленне Пінскага пагранатрада, дзе ахова дзяржаўных меж вядзецца з дапамогай сучасных тэхналогій.

Яшчэ год таму на гэтым месцы быў проста лес. І зразумець, што вядзецца ахова дзяржаўных меж, было складана. Сёння тут усталяваны сучасны сігналізацыйны комплекс, які рэагуе на рух. І відэаназіранне працуе ў рэжыме анлайн і днём, і ўначы, у любое надвор'е.

На ўзбраенні пагранічнікаў і грузавы аўтамабіль аператыўнага прызначэння "Волат", які распрацавалі беларускія канструктары. Машына манеўрыраваная, з незалежнай падвескай і поўным прывадам. Праедзе па любой бездаражы.

Для нясення службы тут ёсць усё неабходнае: кухня, спартзалы, навучальныя класы і дзяжурная частка. Для асабістага складу пабудаваны 16-кватэрны дом. Сем'і зараз рыхтуюцца да ўваходзін. Сярод шчасліўчыкаў - кінолаг Дзмітрый Майсяевич. У пары з чацвераногім памочнікам працуе 10-ы год. Аўчарка па мянушцы Раф - лепшы сабака ў Пінскім атрадзе, незаменны на мяжы. Вывеў на след дзясяткаў парушальнікаў і нелегальных мігрантаў.

На ўчастку заставы створаная і добраахвотная дружына з мясцовых жыхароў. Яны "вочы" і "вушы" пагранічнікаў. Ужо з пачатку года супрацоўнікі падраздзялення затрымалі 47 парушальнікаў, у іх ліку - і нелегальныя мігранты.

Сучасная застава - сур'ёзны заслон парушальнікам меж. Спецыялісты адзначаюць: выпадкі з кантрабандай у прымежжы значна скараціліся.