Міжнародны рэйтынгавы турнір "Айс старс" у гэтыя выхадныя праходзіць у "Мінск-Арэне"

20 октября 2018

Магчымасць заявіць аб сабе на міжнароднай арэне ў не меншай ступені даюць і поспехі атлетаў, і правядзенне адказных спартыўных стартаў, якое давяраюць краіне. Так, зараз Беларусь рыхтуецца да чэмпіянату Еўропы па фігурным катанні. Ён адбудзецца ў студзені. А тэставымі спаборніцтвамі можна лічыць сёмы міжнародны рэйтынгавы турнір "Айс старс", які ў гэтыя выхадныя праходзіць у "Мінск-Арэне". Моду ў сусветным фігурным катанні сёння дыктуюць менавіта еўрапейцы - гэта факт. І тое, што ў першы месяц новага года ў Мінск з'едуцца наймацнейшыя фігурысты не толькі Старога Свету, - гэта важкая падстава прааналізаваць становішча спраў у айчынным фігурным катанні і нашы шанцы на поспех.

Калі ж беларускія фігурысты парадуюць сваіх балельшчыкпў паспяховым выступленнем - гэтым пытаннем задалася наш карэспандэнт Алена Гарэльчык. Кацярына Рабава з Азербайджана сёння прымерыла золата турніру ў Мінску. Хоць сама спартсменка сваім катаннем засталася незадаволеная. Пасля Кацярына прызнаецца: ёй як фігурыстцы вельмі важна, каб у момант падрыхтоўкі да выхаду на лёд вакол была цішыня. Што ж, у "Мінск-Арэне" ўсё так і было. Нягледзячы на тое, што турнір міжнародны, уваход вольны, а на календары субота - мы налічылі не больш як тры дзясяткі гледачоў. Спаборніцтвамі па фігурным катанні ніхто не цікавіцца. Пры гэтым у спартыўных секцыях сёння сапраўдны бум.

Гэта кадры 16-гадовай даўнасці. Сваю кароткую праграму на чэмпіянаце свету катае Сяргей Давыдаў - экс-расіянін, у той час выступаў пад беларускім сцягам. У Нагана ён так нічога і не пакажа. Затое праз пяць гадоў стане чацвёртым на чэмпіянаце Еўропы, чатырма гадамі раней 7-м - на чэмпіянаце свету. Месцы - не ў прызах, але сёння і такімі вынікамі пахваліцца ў нас няма каму. Або Таццяна Наўка - пэўны перыяд сваёй кар'еры яна таксама выступала за Беларусь.

З Самвелам Гезалянам станавілася пятай на чэмпіянаце свету і чацвёртай на Еўропе. Быў час, калі нашы фігурысты нават адбіраліся на Алімпійскія гульні. Той жа Давыдаў стаў 15-м у Турыне, і 21-м у Солт-Лейк-Сіці. Або экс-расіянка Юлія Салдатава ў 2002-м стала 18-й. Зараз жа від спорту, абмовімся, што датычыцца дарослага ўзроўню, хутчэй, мёртвы, чым жывы.

У Мінск на "Айс старс" прыехалі шматлікія фігурысты, якія рыхтуюцца да чэмпіянату Еўропы. Лідараў сезона, вядома, на лёдзе "Мінск-Арэны" мы не ўбачылі. Усе яны сёння выступаюць на больш прэстыжных стартах - Гран-пры. Тэст-івент першым чынам для тэхнічных служб комплексу і арганізатараў. З галоўным кампанентам - якасцю лёду і кліматычнымі ўмовамі - тут справіліся.

Парадавалі і медалямі ў танцах на лёдзе нашы юніёры - выйгралі бронзу, дарослая пара спынілася за крок ад п'едэстала.

Танцы на лёдзе - найменш хворы момант беларускага фігурнога катання. Чаго не скажаш аб дарослым парным катанні. Пасля завяршэння спартыўнай кар'еры Таццянай Данілавай і Мікалаем Каменчуком гэты від праграмы на чэмпіянаце Еўропы прадстаўляць няма каму. А вось у дачыненні адзіночнага катання прагнозы не такія песімістычныя. Надзеі ёсць, праўда, вынік прыйдзецца яшчэ трохі пачакаць. Надзеям сёння гадоў 13-14.

Ад ахвочых стаць фігурыстамі сёння адбою няма. На жаль, максімальная колькасць жадаючых сканцэнтраваная ў Мінску. У іншых гарадах пры дастатковых умовах для трэніровак мала спецыялістаў. Задача трэнераў - не выпусціць талент. Задача патэнцыйнага таленту - усё-такі цікавіцца відам спорту і выходзіць за межы катка або залы. Будзем спадзявацца, што гэтая цікавасць гледачоў усё ж выявіцца падчас чэмпіянату Еўропы.