У Беларусі з'явяцца цэнтры вывучэння французскай мовы

12 ноября 2015

Такое пагадненне сёння падпісалі ў Міністэрстве адукацыі нашай краіны. Зараз у беларускіх школах, у першую чаргу ў тых, дзе дзеці ўжо вывучаюць гэту мову, створаць спецыяльныя класы, дзе выкладаць французскую будуць на павышаным узроўні. Акрамя мовы школьнікі будуць вывучаць гісторыю, літаратуру, эканамічныя і сацыяльныя навукі на французскім.

Вадзім Богуш, першы намеснік Міністра адукацыі Беларусі: "Створыць дадатковыя ўмовы для таго, каб можна было павысіць і якасць, і цікавасць да вывучэння французскай мовы. Не сакрэт, што шмат ёсць і гандлёвых сувязяў з Францыяй, мова як сродак камунікатыўны ўвогуле дапамагае прасоўваць і розныя эканамічныя праекты".

Як адзначылі ў Міністэрстве адукацыі, спецыяльную перападрыхтоўку настаўнікаў для такіх цэнтраў праводзіць не трэба. Узроўню прафесіяналізму беларускіх выкладчыкаў-франкафонаў цалкам дастаткова. Акрамя таго, каля 20 тысяч школьнікаў у нашай краіне ўжо вывучаюць французскую.