У Беларусі адзначаюць Міжнародны дзень пажылых людзей

1 октября 2014

У сталіцы для пенсіянераў арганізаваны экскурсіі ў Музей гісторыі горада, ва ўсіх паліклініках пройдуць лекцыі аб ахове здароўя, а фізкультурна-аздараўленчыя цэнтры падрыхтавалі фітнес-марафоны. Наш карэспандэнт Марына Мураўёва далучылася да святкавання.


Былы кавалерыст, падпалкоўнік Сямён Труноў 27 гадоў аддаў ветэранскай арганізацыі Ленінскага раёна. Да яго звярталіся па дапамогу і параду. Для сваіх паплечнікаў афіцэр рабіў усё магчымае.


Сёння клопатам і павагай акружаны і сам пенсіянер. Шматлікія ўзнагароды, памятныя кнігі ад самога Жукава, граматы і падзякі займаюць усе паліцы і шафы. У свае 87 гадоў ён чаканы госць на ўсіх гарадскіх мерапрыемствах. І сёлета на вечар, прысвечаны Дню пажылых людзей, яго запрасілі ў якасці паважанага госця.


Свята Залатая восень жыцця сабрала ў адной з бібліятэк Ленінскага раёна людзей сталага ўзросту. Для іх кніжная выстава, парады ўрачоў, паэтычныя выступленні і музычныя віншаванні.


Не забываюць пра пенсіянераў не толькі ў Дзень пажылых людзей. У сценах бібліятэкі арганізуюць выставы жывапісу, сустрэчы з медыкамі, працуюць гурткі па інтарэсах. А раз на месяц антураж бібліятэкі змяняе сваё аблічча. Тут праходзіць Дзень адной краіны з абавязковай дэгустацыяй страў нацыянальнай кухні.


Жывапісныя пейзажы, каларытныя нацюрморты і драўляныя скульптуры напоўнілі атмасферу цёплымі творчымі ноткамі.


Сёння віншаванні з днём дабрыні і павагі прымаюць амаль 460 тысяч пажылых мінчан. А ў якасці падарунка ад сталіцы - экскурсіі па музеях, майстар-класы па дыхальнай гімнастыцы і фітнесу, бясплатныя кансультацыі ўрачоў.