У Беларусі можа з'явіцца ўласная кніга рэкордаў

11 января 2017

У Беларусі можа з'явіцца ўласная кніга рэкордаў – аналаг знакамітага выдання Гінеса. Трапяць туды цікавыя калекцыі рэчаў ці незвычайныя дасягненні беларусаў. Хтосьці сабраў калекцыю аўтарскіх упрыгажэняў, хтосьці – міні-бібліятэку Льюіса Кэрала, а ёсць і тыя, хто вытрымаў самае працяглае падарожжа на веласіпедзе.

Надзея Сербіненка пазнаёмілася з самымі цікавымі героямі. Ужо больш за 10 гадоў галоўнае хобі прадпрымальніка Давіда – збіраць запінкі. Паводле яго слоў, апошні час калекцыю папаўняць становіцца ўсё цяжэй – зараз у ёй паўтысячы экзэмпляраў, а знайсці новыя і цікавыя няпроста. Кожная пара запінак – са сваёй гісторыяй, многія Давід атрымлівае ў падарунак ад сяброў і калег.

У доме Святланы Асташонак заўсёды стаіць звон. Яе захапленне – званочкі. Металічныя, керамічныя, драўляныя і нават з саломы. У калекцыі мінчанкі - экзэмпляры з 25 краін свету, сярод якіх Кітай, Швецыя, Германія, Іспанія, Андора. Усяго 125 званочкаў.

Самая маленькая ўдзельніца праекта – калекцыянер-пачатковец – чатырохгадовая Аліса. У яе амаль тры дзясяткі кніг пра цёзку - "Аліса ў краіне цудаў" - на 20 мовах.

Пакуль казку дзяўчынцы чытае бацька, а Алісу больш цікавяць малюнкі. Да стваральнікаў праекта па пошуку беларускіх рэкордаў ужо звярнулася некалькі дзясяткаў калекцыянераў і аўтараў дасягненняў у спорце, турызме, мастацтве і навуцы. Сярод іх – калекцыянер фотанегатываў, патэфонаў, збіральніца незвычайных гузікаў...

Збор рэкордаў працягваецца. Людзі з рэдкімі, адмысловымі талентамі ці калекцыямі цікавых рэчаў яшчэ могуць трапіць на старонкі будучай першай беларускай кнігі рэкордаў.