У Беларусі зменяць парадак рэгістрацыі нерухомасці

25 апреля 2017

У краіне рыхтуюць змяненні, якія пазбавяць грамадзян неабходнасці асабіста рэгістраваць кватэры або зямельныя ўчасткі. Гэтым правам надзеляць пасрэднікаў. Ва ўсіх здзелках з нерухомасцю яны будуць прадстаўляць інтарэсы свайго заказчыка - грамадзяніна, індывідуальнага прадпрымальніка або юрыдычнай асобы. Каго запішуць у пасрэднікі, як гэта адаб'ецца на цане паслуг па дзяржрэгістрацыі? Усе падрабязнасці ў Вольгі Анішчанкі.

З пачатку красавіка абласныя агенцтвы, якія рэгіструюць нерухомасць, могуць прымаць кліентаў з усяго рэгіёна. Сталічнаму жыхару зараз не трэба адпраўляцца ў глыбінку, каб аформіць права на дом у вёсцы.

Прынцып, які сцірае межы, пакуль рэалізаваны толькі ў межах абласных цэнтраў. Але неўзабаве тэрытарыяльны падыход засведчання дагавораў з нерухомасцю адменяць у маштабах усёй краіны. Заканадаўства ў гэтай сферы вырашана абнавіць.

Андрэй Гаеў, старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Беларусі: "Згодна з праектам закона, будзе абсалютна ўсё роўна, дзе знаходзіцца нерухомасць. Дастаткова будзе звярнуцца ў літаральна любое падраздзяленне агенцтва па дзяржрэгістрацыі і зямельным кадастры і засведчыць дагавор на нерухомасць, размешчаную ў любым пункце Беларусі".

Яшчэ адна прыкметная навацыя - з'яўленне аўтарызаванага пасрэдніка пры рэгістрацыі нерухомасці. Але за складаным тэрмінам - усяго толькі спецыяльны прадстаўнік інтарэсаў грамадзян і юрасоб. Пасрэднік зможа дзейнічаць ад імя свайго заказчыка і ажыццяўляць за яго любыя здзелкі. Такім правам плануюць надзяліць адвакацкія бюро, юрыдычныя кансультацыі, натарыусаў або рыэлтараў.

Павел Астапеня, дырэктар агенцтва нерухомасці: "Сустрэча паміж прадаўцом і пакупніком арганізуецца ў офісе агенцтва нерухомасці, але зараз няма неабходнасці ехаць у гарадское агенцтва па дзяржрэгістрацыі. Усё будзе адбывацца ў офісе агенцтва нерухомасці".

Андрэй Гаеў, старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Беларусі: "Напрыклад, чалавек будуе кватэру, склаў дагавор долевага будаўніцтва з арганізацыяй. Пасля таго як будаўніцтва завяршаецца, чалавеку сама арганізацыя разам з ключамі выдасць яму пакет дакументаў на зарэгістраваную на яго імя кватэру".

Такое пасведчанне ёсць у кожнага ўладальніка нерухомасці - дома, кватэры або ўчастка. Сапраўды каштоўная папера пацвярджае права ўласнасці. Доўгія гады грамадзяне прыходзілі асабіста ў агенцтвы па дзяржрэгістрацыі і зямельным кадастры, каб атрымаць на рукі такі сертыфікат. І нават пасля таго як гэты парадак зменіцца, атрымліваць пацвярджэнне сваіх правоў беларусы будуць не электронным спосабам, а менавіта на паперы. Пасрэднік адправіць дакументы, напрыклад, поштай.

Пры гэтым грамадзянам абяцаюць, што новая паслуга не ўляціць у капеечку.

Таццяна Шымко, намеснік дырэктара Мінскага абласнога агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры: "Паслугі па дзяржрэгістрацыі ў нас рэгламентаваныя 200-м указам аб адміністрацыйных працэдурах. Гэта кошт дакладны. Ён не падлягае змяненням".

Папраўкі ў закон - а дэпутаты разгледзяць іх ужо на вясновай сесіі - гэта яшчэ адзін крок да электроннага ўрада. Бо пасрэднік пры звароце ў агенцтва па рэгістрацыі абавязаны карыстацца выключна электроннымі каналамі сувязі. Фармат, які ў параўнанні з папяровым афармленнем дазваляе працаваць больш проста, хутка і танна. Іншая справа, ці падтрымаюць навінку беларусы, ці гатовыя даручыць пасрэдніку далікатныя маёмасныя пытанні? Згодна з законам, грамадзянам дазволяць выбіраць - карыстацца старонняй дапамогай або дзейнічаць як раней, аддаючы перавагу асабістым візітам у агенцтвы.