У Баранавічах аднавілі 1146-ы гвардзейскі зенітна-ракетны полк

1 декабря 2017

Слаўныя старонкі гісторыі, баявыя заслугі і новае жыццё. Сёння ў Баранавічах, праз 15 гадоў забыцця, аднавілі 1146-ы гвардзейскі зенітна-ракетны полк. Падчас Вялікай Айчыннай вайны байцы гэтага падраздзялення вызначыліся ў баях пад Сталінградам, у мірны час не раз удастойваліся ўзнагарод ад ваеннага кіраўніцтва. Ну а зараз полк атрымаў найноўшыя ўзоры ўзбраення. Зенітна-ракетныя комплексы "Тор" будуць ахоўваць беларускае неба. Ужо ў наступным годзе падраздзяленні пройдуць першыя выпрабаванні стрэльбамі. Падрабязней - Аляксандр Камовіч.

Сваю гісторыю 1146-ы полк, тады зенітна-артылерыйская батарэя, пачаў у жніўні 41-га. Падчас вайны асноўнай задачай батарэі было прыкрыццё Ленінграда і ў прыватнасці так званай дарогі жыцця на Ладажскім возеры.

Далей падраздзяленне значна памяняла статус і атрымала званне гвардзейскага палка. У мірны час фарміраванне не раз атрымлівала за поспехі ў службе вышэйшую ўзнагароду - пераходзячы Чырвоны сцяг Беларускай ваеннай акругі.

Адроджаны полк укамплектаваны і найноўшымі ўзорамі ўзбраення. Неба над Беларуссю абароняць сучасныя ЗРК "Тор". Усяго адна машына здольная знішчыць да 8-мі цэляў адначасова.

"Тор-М2" - гэта ўнікальны зенітна-ракетны комплекс, які, дарэчы, не так даўно паступіў на ўзбраенне Беларускай арміі. Гэтая машына можа весці адразу некалькі цэляў на адлегласці да 30-ці кіламетраў, а прыцэльная далёкасць да 10-ці. Варта адзначыць, што менавіта гэтыя машыны паступяць у аўтапарк ізноў створанага палка.

Дарэчы, што пачатак новага перыяду ў жыцці палка супаў з новым навучальным годам ва ўзброеных сілах. Толькі вось у шэрагах фарміравання пачаткоўцаў няма - усе правераныя байцы і спецыялісты.

У іх за плячыма хвалебныя старонкі гісторыі, традыцыі і заслугі. Наперадзе - баявыя дзяжурствы і абарона паветраных межаў краіны. А ўжо ў 2018-м полк пройдзе баявое хрышчэнне на палігоне Ашулук у Расіі.