V Армейскія міжнародныя гульні стануць рэкорднымі па колькасці ўдзельнікаў і геаграфіі правядзення

3 августа 2019
39 краін і тысячы ўдзельнікаў. V  Армейскія міжнародныя гульні стануць рэкорднымі па колькасці ўдзельнікаў і геаграфіі правядзення. Спаборніцтвы пройдуць на тэрыторыі дзесяці дзяржаў, у тым ліку і Беларусі.

Сёння ў мемарыяльным комплексе "Брэсцкая крэпасць-герой" адбылася цырымонія адкрыцця спаборніцтваў. На плошчы Цырыманіялаў выстраіліся каманды прафесіяналаў з 21 дзяржавы - лепшыя прадстаўнікі Узброеных сіл краін - удзельніц АРМІ-2019. Удзельнікі цырымоніі ўсклалі кветкі і вянкі да Вечнага агню, хвілінай маўчання ўшанавалі памяць абаронцаў крэпасці-героя. 

На палігоне Брэсцкі  ў рамках спаборніцтваў "Снайперская мяжа" і "Палярная зорка"  будуць змагацца лепшыя снайперы і спецназаўцы з Беларусі, Расіі, Кітая, Ірана, Грэцыі, Марока і многіх іншых дзяржаў. Упершыню падалі заяўкі на ўдзел вайскоўцы з Іарданіі, Камбоджы, Конга, Кубы, Шры-Ланкі. Трапныя стралкі спаборнічаюць у тры этапы: індывідуальны і парны залікі, снайперская эстафета. А спецназу неабходна будзе пераадолець паласу перашкод, завалы і замініраваны ўчастак мясцовасці.

У падмаскоўным Алабіне,  дзе сёння таксама прайшла цырымонія адкрыцця, пачыналіся спаборніцтвы з самага маляўнічага і захапляльнага конкурсу - "Танкавага біятлона". У індывідуальнай гонцы ўдзельнічаюць 4 экіпажы - Беларусь, Сербія, Кітай і Азербайджан.

У "Танкавым біятлоне" ўдзельнічаюць больш за ўсё каманд - 24. Наша зборная выступае на ўласнай тэхніцы - мадэрнізаваных танках Т-72Б3 з прыцэлам "Сасна-У" і рухавіком магутнасцю больш за тысячу конскіх сіл.  Сёлета беларуская зборная ўдзельнічае ў 18 з больш як  30 конкурсаў. Так, у Казахстане адбудзецца конкурс беспілотнікаў "Сакалінае паляванне". У Кітаі  будуць спаборнічаць у трапнасці стралкі-зенітчыкі. У Іране - вадалазы. Хто зойме прызавыя месцы на п'едэстале ваеннай Алімпіяды, стане вядома 17 жніўня.