Пайшоў з жыцця Жарэс Алфёраў

2 марта 2019

Сумная навіна сёння прыйшла з Расіі. У Пецярбургу не стала акадэміка Жарэса Алфёрава. Нобелеўскі лаўрэат памёр ад вострай сардэчна-лёгачнай недастатковасці напярэдадні позна вечарам. Да свайго дня нараджэння не дажыў два тыдні. 15 сакавіка яму споўнілася б 89.

Спачуванне родным і блізкім вядомага акадэміка выказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

"З пачуццём глыбокага смутку Беларусь успрыняла вестку аб смерці Жарэса Іванавіча Алфёрава. Пайшоў з жыцця вялікі сын беларускай зямлі, выбітны навуковец нашай эпохі, нобелеўскі лаўрэат, вядомы грамадскі дзеяч. Увасабляючы сабой высокія ідэалы дабра і справядлівасці, Жарэс Іванавіч заслужыў высокае прызнанне землякоў і сусветнай грамадскасці. У Беларусі яго любілі па-сапраўднаму, і ён з асаблівай любоўю заўсёды ставіўся да сваёй Радзімы. Мы назаўжды запомнім яго як сапраўднага патрыёта, чалавека з шырокай душой і вялікім сэрцам. Уласцівыя Жарэсу Іванавічу шырыня поглядаў і інтарэсаў, незвычайная працавітасць і актыўная жыццёвая пазіцыя сталі годным прыкладам для суайчыннікаў. Светлая памяць пра Жарэса Іванавіча назаўжды захаваецца ў нашых сэрцах", - гаворыцца ў спачуванні.

З Беларуссю яго звязвае многае. Нарадзіўся ў Віцебску, скончыў 42-ую мінскую школу, дзе і захапіўся фізікай. Затым быў студэнтам нашага палітэха. На рахунку Алфёрава больш за 500 навуковых прац і каля 50 вынаходак. Пра фізіка і яго адкрыцці Алена Борматава.

 

Камсамольская, 21. Гімназія імя Жарэса Алфёрава. Пасля вайны гэта адзіная, якая захавалася ў разбураным Мінску, мужчынская школа. Тут будучы нобелеўскі лаўрэат атрымліваў першыя веды, у тым ліку па фізіцы. Але першапачаткова Жарэс марыў пра зусім іншую прафесію.

Яго настаўнікам быў Якаў Мельцэрзон, які і разглядзеў у школьніку Алфёраве задаткі будучага навукоўца. Настаўнік раіў вучню паступаць у Ленінградскі электратэхнічны інстытут. Але Алфёраў выбірае Мінскі палітэх.

Усяго год Алфёраў лічыўся сярод студэнтаў сённяшняга БНТУ. Ён вучыўся на энергетычным факультэце. Але тут дагэтуль захаваліся аўдыторыі, дзе будучы навуковец спасцігаў асновы тэхналогіі матэрыялаў і тэарэтычнай механікі. Ленінградскі электрамеханічны ўсё ж здарыўся. Сюды Алфёраў паступае без экзаменаў.

Пасля атрымання дыплома праца ў Фізіка-тэхнічным інстытуце пад кіраўніцтвам Іофэ. Алфёраў сярод тых, хто стварае першыя савецкія транзістары. Яны ж сталі і тэмай яго кандыдацкай дысертацыі ў 1961-м. Яго навуковая цікавасць - паўправаднікі, квантавая электроніка, а таксама штучныя крышталі. Адкрыцці Алфёрава сталі асновай для ўсіх сучасных электрапрыбораў - ад прайгравальніка дыскаў да мабільнай сувязі. Оптавалаконныя сеткі, сонечныя батарэі, лазеры - гэта ўсе мы маем дзякуючы Алфёраву.

Адкрыцці ў галіне паўправадніковых гетэраструктур для высакахуткаснай оптаэлектронікі сталі сенсацыяй у навуковым свеце, і Алфёраў становіцца лаўрэатам самай прэстыжнай міжнароднай узнагароды. У 2000-м ураджэнец Беларусі ў будынку Стакгольмскай філармоніі атрымлівае Нобелеўскую прэмію. Прымаў яе першым, бо цырымонія пачынаецца з уручэння ўзнагарод па фізіцы, а лаўрэатаў выклікаюць па алфавіце.

Ураджэнец Беларусі, ён неаднаразова прыязджаў на радзіму, наведваў родныя мясціны. Сустракаўся з Прэзідэнтам краіны і заўсёды падкрэсліваў тое, што беларуская навука ў лідарах сусветных даследчых праграм.

Ні адзін сур'ёзны навуковы форум не праходзіў без удзелу Алфёрава. Акрамя таго, ён не забываў і пра тых, хто рабіў першыя крокі ў даследаваннях. Пастаянна сустракаўся са студэнтамі, чытаў лекцыі. І гэта пры яго занятасці. Акрамя навукі, Жарэс Алфёраў быў і адным з найстарэйшых парламентарыяў. І на заканадаўчым узроўні прасоўваў развіццё навукі.

Акадэміка Жарэса Алфёрава пахаваюць 5 сакавіка ў Камарове пад Санкт-Пецярбургам.