Пайшоў з жыцця Аляксандр Цярэшчанка - самы знакаміты тэледоктар Беларусі

20 апреля 2023

На 73-м годзе пайшоў з жыцця самы знакаміты тэледоктар Беларусі - Аляксандр Цярэшчанка. Нейрахірург, аўтар і вядучы тэле- і радыёперадач пра здароўе, 25 гадоў доктар Цярэшчанка працаваў у 9-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска. Апошнія 16 гадоў адчыняў дзверы аперацыйнай у навукова-папулярных праграмах "Урачэбныя таямніцы плюс", "Будучыня сёння" на НТБ-Беларусь, "Аб чым не прынята гаварыць" на тэлеканале "Мір", "Стыль жыцця з доктарам Цярэшчанкам" на "Альфа Радыё". У яго перадачах не было ніводнага пастановачнага кадра, а толькі рэальныя, каб на зразумелай мове расказаць і паказаць гледачу сувязь няправільнага ладу жыцця з хваробамі, з тымі наступствамі, з якімі потым змагаюцца ўрачы.

"Анколагі", У рытме сэрца", "Зіма пройдзе" - Аляксандр Цярэшчанка аўтар і прадзюсар многіх дакументальных фільмаў, адзначаных на міжнародных конкурсах. Заслугі Аляксандра Сяргеевіча ў медыцыне і асветніцкай дзейнасці былі адзначаны ўзнагародамі Міністэрства аховы здароўя. Яго прызнавалі лепшым і на тэлевізійнай ніве. Тэледоктар быў удастоены "Тэлевяршыні".

Белтэлерадыёкампанія выказвае спачуванне родным, блізкім і калегам Аляксандра Сяргеевіча.