Урокі памяці для школьнікаў - ініцыятыва да Дня Перамогі

6 марта 2024

Урокі памяці праз пакаленні. На базе сталічнай гімназіі № 5 адбылася прэзентацыя праекта, пра які можна сказаць "два ў адным".

Ініцыятыва пад назвай "Сімвал памяці" мае экалагічны і патрыятычны акцэнты. У цэнтры падзеі макет воіна-вызваліцеля, сімвала савецкай арміі - пераможніцы ў вайне. Гэта міні-ўзор помніка, які да свята Перамогі ўсталююць на тэрыторыі школы.

На прэзентацыі прадэманстравана копія, зробленая з другаснай сыравіны, пластыку ў тэхналогіі 3Д - скульптура, якая задумана да 9 Мая, будзе 2 метры ў вышыню. Падтрымалі ініцыятыву сацыяльныя партнёры гімназіі.

Ініцыятарам і кіраўніком праекта "Сімвал памяці" з'яўляецца рэспубліканскае творчае маладзёжнае грамадскае аб'яднанне "Рух наперад моладзі". На яго рахунку шмат ініцыятыў, звязаных з патрыятычным выхаваннем будучага пакалення.