Унікальныя артэфакты знойдзены пад стадыёнам "Спартак" у Полацку

6 сентября 2023

Сярэдневяковыя канькі, касцяное яйка-маляванка, бронзавыя манеты XI стагоддзя, а таксама  дзясяткі пацерак і сотні фрагментаў ёмістасцяў для плаўлення каляровых металаў. Што яшчэ ўтоена пад стадыёнам "Спартак" у Полацку?  Гэта даследуюць падчас раскопак.

У Полацку знойдзены ўнікальныя артэфакты

Сам стадыён будзе рэканструяваны, і задача археолагаў  -  максімальна вывучыць гэтую тэрыторыю, дзе ў Сярэднія вякі размяшчаўся Ніжні замак старажытнага Полацка. Закладзена некалькі шурфаў агульнай плошчай больш чым 70 квадратных метраў. Па знаходках (фрагментах плавільнай печы, залатым злітку вагой 2 грамы, ювелірных тыглях)  высветлена, што на тэрыторыі стадыёна ў XI стагоддзі размяшчаўся ювелірны квартал. Сярод знойдзенага на гэтым тыдні - пацерка, як мяркуецца, з горнага хрусталю. Калі аналіз пацвердзіць матэрыял, то гэта будзе першая такая знаходка, зробленая ў Полацку. Таксама ў рукі археолагаў трапіла велікоднае яйка-маляванка, зробленае з рога жывёліны. Паднялі з зямлі і элемент нацельнага ўпрыгажэння ў выглядзе баявой сякеркі, а таксама візантыйскія манеты.

Археалагічныя даследаванні Полацка вядуцца амаль сто гадоў. Першая экспедыцыя тут адбылася ў 1928 годзе. За гэты час знойдзены сотні тысяч артэфактаў, але больш адкрыццяў, гавораць навукоўцы, усё яшчэ пад нагамі.