"Разумны" пратэз распрацавалі ў беларускай сталіцы

17 октября 2016

Праграмісту і інжынеру-канструктару ўдалося стварыць прататып электрамеханічнай рукі, які значна таннейшы за заходнія аналагі. Прычым усе кампаненты для пратэза былі раздрукаваныя на 3D-прынтары. Падставай для такой распрацоўкі стала асабістая гісторыя аднаго з удзельнікаў. Яго бацька застаўся без рукі. Уласна, ён і стаў галоўным выпрабавальнікам прыстасавання. З невялікай, але вельмі амбіцыйнай камандай пазнаёміўся Дзмітрый Цітоў.

Ужо некалькі гадоў два энтузіясты збіраюцца пасля працы ў майстэрні. Ідэя стварыць электрамеханічную руку прыйшла праграмісту Алегу, каб дапамагчы свайму бацьку. Распрацоўшчык нават звязваўся з нямецкай клінікай. "Разумны" пратэз у іх каштаваў каля 30 тысяч еўра. Аб'яднаўшыся са знаёмым інжынерам-канструктарам, распрацоўшчык вырашыў стварыць мадэль, якая ў некалькі разоў таннейшая за заходнія аналагі. Сёння яна ўжо можа захопліваць прадметы.

Бацька Алега стаў галоўным тэсціроўшчыкам механічнага пратэза не адразу. Прызнаецца, што спачатку ў задуму верылася з цяжкасцю. Але калі сагнуўся першы палец прыстасавання, то Сяргей Генадзевіч стаў галоўным кансультантам праекта.

Прадпрымальнік па родзе дзейнасці вядзе актыўнае жыццё і ўсю работу па доме выконвае сам. Паўгода таму пачаў тэсціраваць прататып.

Напісаць праграмнае забеспячэнне было няцяжка, а вось па частцы інжынерыі хлопцам прыйшлося прачытаць шмат інструкцый у Інтэрнэце. Распрацоўшчыкам зараз пішуць з усяго свету - ад Амерыкі да Урала.

Падказваюць, як можна ўдасканаліць мадэль. У свеце ўжо існуюць біянічныя пратэзы, якія кіруюцца сілай думкі. Яны счытваюць нервовыя сігналы чалавека. Беларускі прататып электрамеханічны. Кісць згінаецца або разгінаецца ў залежнасці ад становішча рукі.

Хлопцы ўжо выклалі ў адкрытым доступе ўсе свае напрацоўкі. Гэта значыць, што кожны, хто жадае, зараз зможа стварыць свой прататып "разумнага" пратэза. Усе кампаненты можна раздрукаваць на 3D-прынтары. Сам Сяргей Генадзевіч марыць пра новы дызайн рукі. Гаворыць: хочацца, каб прылада была больш падобная на руку чалавека.