Украінцы актыўна разглядаюць Беларусь як краіну для працы і жыцця

5 мая 2017

Больш за 160 тысяч чалавек на працягу двух гадоў. Украінцы ўсё яшчэ актыўна разглядаюць Беларусь як краіну для працы і жыцця І хоць паток паўднёвых суседзяў да нас апошні час знізіўся, але, тым не менш, шматлікія ўсё яшчэ едуць у Беларусь у пошуках лепшага і галоўнае - мірнага жыцця. Вялікія шанцы на працаўладкаванне маюць медыкі, будаўнікі, работнікі сельскай гаспадаркі і спецыялісты ў сферы высокіх тэхналогій. З тымі, хто ў Беларусі асеў сур'ёзна і надоўга, пазнаёмілася Антаніна Станкевіч.

Мілавідны ўрач з добрай усмешкай - такога і маленькія пацыенты сустракаюць без слёз і страху. Прайшлі ўжо 2 гады, як педыятр Людміла Дзяншчык пераехала з шумнага ўкраінскага Луганска ў невялікі райцэнтр Крупкі. Гаворыць, уцякла нават не столькі ад канфлікту, як ад беспрацоўя і безграшоўя. У Беларусі ўладкавалася па любімай спецыяльнасці і вырасла да загадчыцы аддзялення.

У суседнім кабінеце вядзе прыём сябар, зямляк і калега. Аляксандра Комлыка адразу выдае вядомы акцэнт паўднёвых суседзяў. Але дзеці і іх бацькі любяць доктара за лагоднасць, гумар і высокі прафесіяналізм. На паліцах ужо няма месца для сувеніраў - гэта падарункі беларускіх пацыентаў. Два гады педыятр вядзе прыём у Крупскай паліклініцы. За гэты час перазнаёміўся са сваімі падапечнымі і нават паспеў вывучыць беларускую мову.

Разам з урачом прыехала і яго сям'я. Жонка ўладкавалася ў мясцовую гімназію, а сын інжынерам-энергетыкам на камунальнае прадпрыемства. З жыллём дапамаглі мясцовыя ўлады - выдзелілі кватэру. І ў якасці бонуса прама пад вокнамі невялікі ўчастак. Тут вырошчваюць агародніну, ягады, а год таму пасадзілі чатыры яблыні.

Сёння ў Крупскай бальніцы ёсць некалькі вакансій вузкіх спецыялістаў. Галоўныя крытэрыі прыёму на працу - прафесіяналізм, а ў выпадку з іншаземцам - пацверджаны дыплом. Краіна прыбыцця значэння не мае. Любому спецыялісту гатовыя дапамагчы і з жыллём.

Наталля Фёдарава частуе гасцей пірагом, здобная выпечка па фірменным украінскім рэцэпце. З Луганскай вобласці ў невялікі аграгарадок Шапурова вялікая сям'я пераехала ў 2014. Ва ўсіх свае абавязкі: сама Наталля і яе маці - сацработнікі, старэйшы сын жыве ў Віцебску, малодшыя дзеці ходзяць у школу. Сям'і выдзелілі ўтульны дом з участкам. Зараз вядуць гаспадарку, вырошчваюць агародніну-садавіну. Адзінае, чаго не хапае - крыху больш шчодрага сонца.

За апошнія два гады шматлікія жыхары Украіны сталі разглядаць Беларусь як краіну для працы і жыцця.

Тым, хто сапраўды гатовы працаваць, тут па-ранейшаму гатовыя працягнуць руку дапамогі. Пра гэта гаварыў і Кіраўнік дзяржавы ў сваім штогадовым Пасланні беларускаму народу і парламенту. І гэта з улікам таго, што ў краіне праблема з беспрацоўем цалкам не вырашана.

У асноўным з Украіны прыязджаюць работнікі сельскай гаспадаркі, урачы, будаўнікі і спецыялісты сферы высокіх тэхналогій. Пераважна гэта жыхары неспакойных рэгіёнаў - з Луганскай і Данецкай абласцей. І хоць сёння паток перасяленцаў упаў, але цалкам не спыніўся.

Сёння толькі ў Мінскай вобласці каля 8000 тысяч вакансій, некалькі сотняў з іх з выдзяленнем жылля. Прэтэндаваць на іх могуць і жыхары Украіны.