Настаўнік па прызванні

1 февраля 2017

Ці можна назваць працу настаўніка толькі прафесіяй? Бадай, не. І, пэўна, шматлікія пагодзяцца, што настаўнік - гэта сапраўды прызванне. І вось адзін з такіх прыкладаў. Ён не бачыць сваіх вучняў і калегаў, але кожнага ведае па голасе. Выкладае грамадазнаўства, іграе на трох музычных інструментах і нават лечыць душы. А яшчэ ўсім сэрцам любіць сваю справу. Аб бязмежных магчымасцях сапраўднага педагога - Вікторыя Патоня.

Гэта звычайная сельская школа, але тут вось ужо дзесяць гадоў працуе не зусім звычайны настаўнік. Мікалай Апановіч у клас уваходзіць у суправаджэнні школьнікаў, самастойна перасоўвацца для сляпога настаўніка - складаная задача. Затое яго ўрокі ніколі не бываюць сумнымі і заўсёды змястоўныя.

Мікалай Васілевіч выкладае грамадазнаўства, вядзе дадаткова факультатыў па гісторыі. Зрок ён страціў у 9-м класе - упаў на будоўлі. Але, нягледзячы ні на што, імкнуўся да ведаў. І даказаў: яго магчымасці бязмежныя. Ён з адзнакай асвоіў праграму двух універсітэтаў. Тады ўсе лекцыі запісваў на дыктафон, зараз разумны IT-дадатак дапамагае рыхтавацца да заняткаў.

Класны часопіс запаўняюць калегі. Дату і адзнакі ставяць вучні, але тут усё па-сумленнаму! Мікалай Апановіч яшчэ і музыкант. Прычым, ігру на гармоніку, баяне і гітары асвоіў самастойна. А яго гурток па інтарэсах - самы папулярны.

Настаўнік марыць асвоіць сінтэзатар і стварыць музычную групу, каб дзеці маглі выяўляць сябе творча. А жыццялюбства Мікалая Апановіча - добры прыклад не толькі для вучняў, але і калегаў.

Ён страціў зрок, але не страціў імкнення да жыцця. Ён ніколі не ўбачыць сваіх вучняў, але кожнага з іх пазнае па голасе. А дзеці ўжо сапраўды ніколі не забудуць настаўніка і чалавека з моцным характарам!