Прэзідэнт: Неадкладна ўзяць на кантроль пытанні росту цэн і заработнай платы

22 марта 2019

Развіваць эканоміку рэгіёнаў і на гэтай аснове вырашаць сацыяльныя пытанні, скараціўшы да мінімуму разрыў у якасці жыцця людзей. Пра неабходнасць вырашаць такую задачу   сёння заявіў наш Прэзідэнт на сустрэчы з актывам Баранавіцкага раёна. Размова ў такім фармаце ўжо становіцца традыцыйнай. У фокусе ўвагі - менавіта развіццё раёнаў, малых і сярэдніх гарадоў. Гэта звязана з неабходнасцю забяспечыць раўнамернае размеркаванне прадукцыйных сіл у краіне. Акцэнт зроблены на 11 гарадах Беларусі, дзе ў наступныя два гады павінны забяспечыць паскоранае сацыяльна-эканамічнае развіццё. У гэтым пераліку і Баранавічы. Звяртаючыся да актыву горада і раёна, Аляксандр Лукашэнка даў зразумець, што ў курсе ўсіх абмеркаванняў, якія папярэднічалі яго прыезду. Асабліва што тычыцца навядзення парадку ў горадзе.

Прыезд у Баранавічы - гэта працяг працы па развіцці рэгіёнаў, якая пачалася ў Аршанскім раёне. Падчас нарады  падняты цэлы спіс пытанняў развіцця горада і рэгіёна. У прыватнасці, Кіраўнік дзяржавы арыентаваў вертыкаль улады на эфектыўную працу ў перадвыбарныя гады. Асаблівая ўвага - кантролю цэн і ўзроўню зарплат. 

Прэзідэнт бачыць вялікі эканамічны патэнцыял у сельскагаспадарчай галіне. Заклікаў аналізаваць рынкі і арыентавацца на найболей запатрабаваныя віды прадукцыі. Змены ў клімаце даюць магчымасць апрацоўваць і некаторыя нетрадыцыйныя культуры. Калі дзяржава будзе на належным узроўні падтрымліваць эканамічнае развіццё, краіна заўсёды будзе стабільнай, падкрэсліў беларускі лідар. Прэзідэнт мае намер яшчэ раз наведаць Баранавічы ў пачатку другога паўгоддзя для рэвізіі дзейнасці прадпрыемстваў. Пасля нарады Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з мясцовымі жыхарамі. Падрабязнасці ў наступных выпусках.