Удзельнікамі і гледачамі парада сталі больш за 350 тысяч чалавек

3 июля 2016

25 гадоў наша краіна - суверэнная і незалежная. Воля і Перамога - гэта тое, што аб'ядноўвае кожнага жыхара Беларусі. Сталіца была вызвалена роўна 72 гады назад. І няма сям'і ў нашай краіне, якую не закранула б Вялікая Айчынная… Тыя далёкія падзеі, цана Вялікай Перамогі - у памяці кожнага з нас. 9 мая. 3 ліпеня. Гэта дні - калі краіна святкуе свабоду і незалежнасць. Каля чатырох гадзін назад ля стэлы "Мінск - горад-герой" завяршыўся грандыёзны парад войскаў Мінскага гарнізона. Павіншаваць беларусаў прыехалі людзі з усёй краіны і не толькі. Ваенны парад чарговы раз прадэманстраваў узровень падрыхтоўкі беларускіх войскаў. Гледачы ўбачылі гонар айчыннага абаронна-прамысловага комплексу - рэактыўную сістэму залпавага агню "Паланез". Паветранае шоу ў небе. Выступленне роты ганаровай варты. І маляўнічае прадстаўленне ад маладых беларусаў. Удзельнікамі і гледачамі парада сталі больш як 350 тысяч чалавек.

Расказвае Ілона Красуцкая: Асабліва ў першыя дні ліпеня на вуліцах Мінска можна пачуць не толькі рускую і беларускую мову. Мноства замежных гасцей прыязджаюць у Беларусь, каб разам з намі падзяліць радасць галоўнага дзяржаўнага свята. Білборды, флагі, шмат слоў падзякі адрасаваныя нашым героям, нашым ветэранам. Адзінства нацый і пакаленняў - няйначай, сведчанне таго, што мы памятаем і ганарымся гэтай агульнай Перамогай.

Дзень апраўданага гонару. Славы і гонару. Дзень памяці аб мінулым, радасці за сучаснаснае і надзеі на будучыню. Урачыстыя мерапрыемствы з нагоды Дня Незалежнасці праходзяць па ўсёй краіне. Цэнтрам па традыцыі стала сталіца. Яшчэ за тыдзень да свята ў мінскіх гасцініцах не засталося свабодных месцаў. Каб убачыць парад у Мінск прыехалі госці з усяго свету - ад Паўночнай Амерыкі да Кітая.

Гэта яны ведаюць сапраўдную цану Незалежнасці. За ратны подзвіг - незлічоная колькасць кветак і слоў удзячнасці ім сёння гавораць дыпламаты, міністры, грамадскія дзеячы. І якім бы ні быў хуткаплынным час, удзельнікам ваеннага ліхалецця, ніколі не выкрасліць з памяці падзей "канвеера смерці".

Ля стэлы "Мінск - горад-герой" - ваенны парад войскаў Мінскага гарнізона. У першых шэрагах, безумоўна, галоўныя гледачы - сведкі тых падзей. Без іх немагчыма ўявіць гісторыю суверэннай Беларусі. Гэта яны абаранілі краіну, а потым паднялі з руін. Усё для таго, каб сёння гэтае свята было каму сустракаць.

Роўна ў 10:00 ля стэлы "Мінск - горад-герой" - Галоўнакамандуючы. Вайна забрала жыццё кожнага трэцяга беларуса. Але супраціўленне, сапраўды, было ўсенародным. Пяць тысяч партызанскіх атрадаў, паўтара мільёна франтавікоў-беларусаў ваявалі з ворагам. Менавіта таму сваё выступленне Кіраўнік дзяржавы пачынае са слоў падзякі тым, для каго ўласнае жыццё стала платай за суверэнітэт. Па меркаванні Аляксандра Лукашэнкі, сёння мы павінны навучыцца спраўляцца з новымі пагрозамі і ўмець абараніць нашу незалежнасць у новым свеце, які імкліва змяняецца.

Каля пяці тысяч вайскоўцаў, больш чым 130 адзінак баявой тэхнікі. На маршы і гонар айчыннага абаронна-прамысловага комплексу - рэактыўная сістэма залпавага агню "Паланез". Гэтая самая магутная зброя ў беларускай арміі, адпавядае лепшым сусветным аналагам. Ракеты адной баявой машыны здольныя наносіць удары па 8-мі цэлях адначасова на далёкасці да 200 кіламетраў з высокай дакладнасцю.

Парад на зямлі і ў паветры. Гонар краіны - нацыянальная авіяцыйная школа. 44 самалёты і верталёты, бамбардзіроўшчыкі Су-34, знішчальнікі Су-30 і верталёты Ка-52 "Алігатар". Гледачы ўбачылі фігуры вышэйшага пілатажу.

Буру эмоцый традыцыйна выклікае плац-канцэрт зводнай роты ганаровай варты. 111 "віртуозаў" пад музыку ваенных гадоў здзіўляюць новай праграмай. Сёння рота ганаровай варты з'яўляецца "візітнай карткай" Беларусі. Майстэрства вайскоўцаў заслужыла прызнанне і высокую ацэнку на міжнароднай арэне. Ужо шмат гадоў рота ганаровай варты неаднаразова прымае ўдзел у святочных мерапрыемствах у Расіі, Кітаі, Францыі, Венесуэле, Польшчы, Аб'яднаных Арабскіх Эміратах. Каб дабіцца такой выразнасці дзеянняў, аднастайнасці выканання ўсіх прыёмаў, неабходны месяцы напружаных трэніровак.

Па заканчэнні парада - фінальным - відовішчным акордам сённяшніх афіцыйных урачыстасцяў стаў масавы нумар да Дня Незалежнасці. Дзве з паловай тысячы ўдзельнікаў. Прэм'ера як харэаграфічная, так і музычная. Упершыню прагучала песня, напісаная спецыяльна да святочнага дня.

А ўвечар ля стэлы "Мінск - горад-герой" - вялікі гала-канцэрт. Сёлета ён прысвечаны Году культуры. Кульмінацыяй стане традыцыйная акцыя "Праспяваем гімн разам". А вечарам неба над Мінскам і абласнымі цэнтрамі ўпрыгожыць маляўнічы салют.