У праваслаўных сёння Вялікі або Чысты чацвер

28 апреля 2016

Дзень, які папярэднічае Вялікадню і прыраўнаваны да галоўных у царкоўным годзе. У набажэнствах сёння ўспамінаюць адну з найважнейшых евангельскіх падзей - Тайную вячэру. Перадвелікодная падрыхтоўка ва ўсіх цэрквах Беларусі. Свой першы Вялікдзень сёлета адсвяткуе і самы незвычайны храм - у ім усе абразы больш нагадваюць барэльефы, а галоўныя хрысціянскія малітвы напісаныя на мове Брайля.

Расказвае Наталля Бардзілоўская. На ўваходзе ў праваслаўны храм па вуліцы Матусевіча ў Мінску вернікаў сустракае незвычайная таблічка. На ёй галоўная хрысціянская малітва, але выпісаная шрыфтам Брайля. Таго самога француза, які напрыканцы XIX стагоддзя, асабіста сутыкнуўшыся з праблемамі зроку, вынайшаў спецыяльную сістэму знакаў, якая дапамагае чытаць. "Малітвы навобмацак" - гэта падарунак майстра-дабрачынца мясцовым вернікам - наведвальнікам адзінага ў Беларусі храма для невідушчых людзей.

Царкве паўгода і яна больш нагадвае пакой, чым храм: пакуль арандуе метры ў тонкасуконнага камбіната. Людзям жа, якія пазбаўленыя магчымасці бачыць і прыходзяць сюды маліцца, абсалютна не важны знешні антураж. Галоўнае - тут улічылі ўсе асаблівасці невідушчага чалавека.

Малітвы па Брайлю будуць размешчаныя пад кожным абразом іканастаса. Лікі з дрэва і гіпсу - вылепленыя, выпуклыя (нешта накшталт барэльефаў). Вернікі пазнаюць святых не вачамі, а навобмацак. Храм, бадай, адзіны з праваслаўных, дзе да абразоў дазваляюць дакранацца.

Ды і фарбы абразоў некананічна насычаныя, больш яркія, каб чалавек з дрэнным зрокам мог пазнаць малюнкі. Дарэчы, вернікам тут давяраюць дапамагаць святару на службе: чытаць пропаведзі па Бібліі са шрыфтам Брайля. А такія кнігі ёсць.

Царква носіць імя протаіерэя Уладзіміра Хіраскі. Нядаўна прылічаны да ліку навамучанікаў, у пачатку ХХ стагоддзя святар служыў пры вучылішчы сляпых і дапамагаў людзям са слабым зрокам. Сённяшні ж прыход імя Хіраскі плануе будаўніцтва вялікага сабора.