Творчыя майстар-класы для дзяцей-інвалідаў у Мінску

2 декабря 2015

Навучыцца танцаваць ці граць на музычных інструментах – шведская дабрачынная арганізацыя наведала Мінск, каб правесці творчыя майстар-класы для дзяцей-інвалідаў. Пляцоўкай для арт-майстэрні стала сярэдняя школа нумар 25. Дапамагаюць замежным валанцёрам і студэнты Педагагічнага універсітэта імя Максіма Танка. Дзеці гулялі ў інтэрактыўныя гульні і спрабавалі скласці ўласны музычны твор з дапамогай спецыяльнага мабільнага дадатку.

Сафія Александэрсан, арт-дырэктар Шведскай дабрачыннай арганізацыі: «У першую чаргу наша арганізацыя імкнецца знайсці творчы падыход да кожнага чалавека. Я ўпэўненая, што калі нехта раскрывае свае мастацкія здольнасці, то ён становіцца больш адкрытым для навакольнага свету. А для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі гэта вельмі важна, і таму мы з задавальненнем дзелімся сваім вопытам».

Заўтра кожны ахвочы зможа паспрабаваць сябе на тэатральных падмостках - за дзень шведскія госці плануюць паставіць аматарскі спектакль. Прэм’ера адбудзецца вечрам таго ж дня.