Цыклон "Даніела" ўскладняе сітуацыю ў Мінску

12 января 2016

Завіруха, снежныя сумёты і як вынік - заторы на дарогах і ў дварах. Цыклон «Даніела» ўскладняе сітуацыю ў Мінску. На расчыстку снегу выведзена больш за 400 адзінак спецтэхнікі. Праз складаныя метэаўмовы ўсе службы працуюць ва ўзмоцненым рэжыме: ратавальнікі, ДАІ, медыкі. Аўтаўладальнікаў заклікаюць адмовіцца ад уласнага транспарту і перасесці на грамадскі. Дарэчы, сталічнае метро раніцай працавала па асаблівым графіку, інтэрвал паміж цягнікамі быў мінімальны. Наземны транспарт таксама працуе без замінак. А вось прыпаркаваныя ўздоўж магістраляў машыны замінаюць снегаўборачнай тэхніцы. Таму вадзіцеляў просяць не пакідаць аўто на абочынах. Ян Пашкевіч з падрабязнасцямі.

Сёння былы ратавальнік Аляксандр Пашкоўскі зноў гатовы прыйсці на дапамогу. У якасці валанцёра пакінуў свой нумар тэлефона на старонцы пошукава-выратавальнага атрада. Выцягнуць машыну з гурбаў або проста падзяліцца гарачай гарбатай – Аляксандр адгукнецца на любую просьбу.

Яшчэ з ночы сталічныя вуліцы расчышчае спецтэхніка. З надыходам моцнага снегападу камунальныя службы вывелі амаль 400 трактароў, грузавікоў і снегаачышчальных машын. Толькі вось іх рабоце часам перашкаджаюць аўто, прыпаркаваныя ўздоўж гарадскіх вуліц і ў дварах. Таму вадзіцеляў просяць не пакідаць уласны транспарт.

Анатоль Жамоздзік, намеснік гендырэктара ДВА «Гаррамаўтадар» Мінгарвыканкама: "У першую чаргу прыбіраем галоўныя магістралі сталіцы. Вось чысцім пешаходныя пераходы, амаль тысяча рабочых задзейнічаная. За мінулыя суткі выдаткавалі амаль 1 тону салянай сумесі і больш за тысячу тон пяску".

Камунальныя службы не адмовяцца і ад дапамогі гараджан у расчыстцы двароў і вуліц. Для гэтага ў ЖЭСах гатовы нават выдаць неабходны інвентар. А снег адвозяць на спецыяльныя палігоны. У сталіцы такіх зімовых сховішчаў 17.

Снег на звалкі прывозяць бесперапынна. Толькі ў Фрунзенскім раёне сталіцы з раніцы ўжо сабралі амаль 200 тон снегу.

Завіруха паўплывала і на работу грамадскага транспарту. У метро ўвечары рыхтуюцца прыняць амаль утрая больш пасажыраў, чым звычайна. Для гэтага на лініі гатовы вывесці да 30 пар цягнікоў за гадзіну.