Цэнтралізаванае тэсціраванне сёлета здадуць больш за сто тысяч абітурыентаў

2 июня 2015

У Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў падвялі вынікі рэгістрацыі на ЦТ. Па традыцыі самай запатрабаванай апынулася руская мова: свае веды па гэтым прадмеце правераць звыш 70 000 чалавек. Другая ў рэйтынгу папулярнасці - матэматыка. Усяго ж сёлета ў спісе 15 прадметаў, упершыню сярод замежных яшчэ і кітайская мова. На яе, паводле звестак РІКВ, зарэгістраваліся 10 чалавек. Пра тое, што датычыцца ўступнай кампаніі, падрабязна можна даведацца, патэлефанаваўшы на гарачую лінію Міністэрства адукацыі, якая пачала працу напярэдадні.

Гарачая тэлефонная лінія Міністэрства адукацыі будзе працаваць штодня ў будныя дні і выбарачна ў выхадныя аж да 16 жніўня. Паралельна ў гэты ж час па пытаннях уступнай кампаніі спецыялісты будуць праводзіць і прыём грамадзян.