Трэцяя ноч беспарадкаў у Беларусі: тысяча затрыманых, у тым ліку 4 каардынатары акцый

12 августа 2020
Мінулай ноччу ў Беларусі зноў прайшоў шэраг несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў. У 25-ці населеных пунктах было затрымана больш за  тысячу чалавек. У сталіцы і іншых буйных гарадах мітынгоўцы спрабавалі перакрыць рух грамадскага транспарту. У сталіцы каля 400 чалавек заблакіравалі вуліцу Прытыцкага. Праз 25 хвілін рух быў адноўлены. Супраць органаў правапарадку зноў былі выкарыстаны кактэйлі Молатава, аўтамабільныя тараны. 

А ў Брэсце супрацоўнікам міліцыі давялося выкарыстоўваць агнястрэльную зброю супраць агрэсіўнага натоўпу з арматурай. Па фактах нападу на супрацоўнікаў следчыя органы ўзбудзілі 17 крымінальных спраў. Характэрна, што самыя актыўныя ўдзельнікі пратэсту - не беларусы. Факты і падрабязнасці  ў наступным матэрыяле.

Напярэдадні ў Беларусі мітынгоўцы зноў учынілі беспарадкі. Менш масавыя, але, на жаль, не менш агрэсіўныя. Некаторыя ўдзельнікі несанкцыянаваных акцый былі настроеныя па-баявому, і, як адзначаюць праваахоўнікі, іх дзеянні дакладна каардынаваліся. Да гэтага моманту мы яшчэ вернемся падрабязна ў нашым сюжэце. А пакуль паглядзіце вось на гэтых людзей. Сярод затрыманых, якія бясчынствавалі на мінскіх вуліцах,  шмат раней судзімых. Некаторыя старонкі з біяграфіі можна лёгка прачытаць па татуіроўках на целе. Іншыя факты выказалі самі ўдзельнікі беспарадкаў.

У паходным наборы тых, хто не раз бываў за кратамі,  стандартны арсенал рэвалюцыянера: радыёстанцыі, нажы, фомкі і дубінкі. Характэрна, што сярод затрыманых грамадзяне Расіі, Украіны і Польшчы. Такі інтэрнацыянал заўсёды ў цэнтры падзеі. Найбольш агрэсіўная група мінулай ноччу сканцэнтравалася ў сталічным мікрараёне Серабранка, дзе прайшлі самыя жорсткія сутыкненні з праваахоўнікамі. 

У гэты ж час правяраецца інфармацыя  і аб магчымым подкупе ўдзельнікаў акцый. Адзін з падазроных, так званы касір,  затрыманы ў Мінску ля гандлёвага цэнтра Dana Mall з буйной сумай грошай - каля 10 тысяч долараў. Пры затрыманні мужчына аказаў актыўнае супраціўленне супрацоўнікам органаў унутраных спраў, аднаму  зламаў нос. Паведамляецца, што раней ён быў судзімы за незаконны абарот псіхатропаў.

Беспарадкі, што прайшлі мінулай ноччу,  хоць і страцілі масавасць, аднак узровень агрэсіі застаецца вельмі высокім па дачыненні да праваахоўнікаў і не толькі ў Мінску, канстатуюць у МУС. У Магілёве некалькі хлопцаў  учынілі  бойку з АМАПАам. На кадрах добра бачна, што спартыўнага выгляду мужчыны, якія валодаюць навыкамі адзінаборстваў, мэтанакіравана справакавалі сутычку. 

Зноў вернемся да замежных гастралёраў. Следчы камітэт пацвердзіў затрыманне ў Мінску расійскіх грамадзян. Гэта Арцём Важанкоў і Ігар Рогаў, каардынатары Фонду Навальнага і актывісты арганізацыі "Адкрытая Расія", якая мае дачыненне да даволі вядомага алігарха Міхаіла Хадаркоўскага. Яны нібыта прыехалі ў Беларусь назіраць за выбарамі, не маючы для гэтага акрэдытацыі. Зараз Важанкоў і Рогаў праходзяць падазронымі па крымінальнай справе аб удзеле ў масавых беспарадках. Адзначым, раней яны былі неаднаразова судзімыя.

А гэта кадры з самога цэнтра Брэста. Увагу супрацоўнікаў прыцягнулі падазронымі паводзінамі вадзіцелі аўтамабіляў BMW і Nissan. Пазней высветлілася, што ў салонах перавозяць шарыкі, запоўненыя вадкасцю невядомага паходжання,  і дымавыя шашкі самаробнай вытворчасці. Мужчын даставілі ў райаддзел для разгляду. 

У Баранавічах зламыснікі паспрабавалі падпаліць гандлёвыя кіёскі. Аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы прынеслі вынік. У горадзе выяўлена Audi А6, у салоне  два кідальныя нажы, пластыкавая бутэлька з растваральнікам, балаклава, гатовы кактэйль Молатава і матэрыялы для падрыхтоўкі вогненебяспечнай зброі. У дачыненні да гаспадара машыны ўзбуджана крымінальная справа, аўтамабіль канфіскаваны.

Як можа выкарыстоўвацца такая грозная зброя пратэсту, як кактэйль Молатава, напэўна, не варта распавядаць. Бутэлькі з запальнай сумессю ляцелі ў праваахоўнікаў у сталічнай Серабранцы і  Брэсце. На жаль, у абласным цэнтры не абышлося без пацярпелых. 

Аналагічная карціна і ў Маладзечне. Кагосьці такі сцэнарый падзей ніколькі не чапляе. Аднак для чалавека, які хоць нешта разумее ў вулічных пратэстах, сітуацыя відавочная. А хто ж яшчэ,  як не ўкраінцы,  маюць вопыт баявых вулічных дзеянняў? Праўда, хто менавіта пакінуў крывавы след на беларускай зямлі, яшчэ трэба будзе высветліць следству.

А гэта яшчэ юныя шукальнікі прыгод і пратэстнай рамантыкі. У рукі міліцыі трапілі двое 17-гадовых хлопцаў з дымавымі шашкамі, петардамі, каскамі і іншай пратэстнай атрыбутыкай. Дзе яны збіраліся яе прымяніць - высвятляюць праваахоўнікі.

Усё часцей мітынгоўцы выкарыстоўваюць і адзін з самых подлых прыёмаў - так званы аўтамабільны таран праваахоўнікаў. Як паведамляе МУС, за два дні  на супрацоўнікаў органаў унутраных спраў учынена 8 наўмысных наездаў аўтамабілямі. Прэцэдэнт быў створаны ў Мінску, затым хваля таранаў пракацілася па краіне, у тым ліку ў Жодзіне і Баранавічах.

На вашых экранах затрыманне групы бравых хлопцаў: 4   беларусы і яшчэ 2 украінцы. Усе ішлі на рэвалюцыю, аднак размова па сутнасці, мабыць, працверазіла падарожнікаў.

А вось яшчэ адзін прыхільнік нібыта мірных перамен. Затрыманы ў Брэсцкай вобласці. Гаворыць, проста гуляў па парку. А ў рукзаку завостраная сапёрная лапатка і флаг з вядомай сімволікай. 

Хто ж стаіць за плячамі добрых хлопцаў? Як мы адзначалі, акцыі пратэсту ўмела каардынуюцца. На гэтых кадрах 24-гадовы беларус: неаднаразова судзімы, адлічаны з універсітэта, трымаў сувязь з расійскімі анархістамі. Працаваў каардынатарам на поўную стаўку. Атрымліваў за гэта ўзнагароду. Ішоў на АМАП у першых шэрагах. 

Наколькі празрыстыя мэты візіту ў нашу краіну,  можна меркаваць па канфіскаваных у кватэры гастралёра рэчах. Напрыклад, дзве каністры з ацэтонам і пенапласт (хто не ў тэме - гэта кампаненты для вырабу кактэйлю Молатава ў хатніх умовах). А вось яго відэапаведамленне, адрасаванае за мяжу. Навошта - хай лепш растлумачыць сам затрыманы. У адрозненне ад вуліцы тут слова мае вельмі важкае значэнне.

Паводле  інфармацыі ад праваахоўнікаў, усяго затрыманы 4 каардынатары масавых акцый, якія прайшлі напярэдадні. Асноўны фігурант - гэта мінчанін, які зняў нумар на 17 паверсе гасцініцы "Беларусь", адкуль каардынаваў акцыі і кіраваў дзеяннямі. Яму падпарадкоўваліся 3 каардынатары рангам ніжэйшыя, якія ў сваю чаргу камандавалі сотнямі. 

Таксама сёння ўсталявана мноства фактаў, якія пацвярджаюць, што прадстаўнікі штаба экс-кіраўніка Белгазпрамбанка Віктара Бабарыкі ажыццяўлялі арганізацыю, каардынацыю і фінансаванне масавых беспарадкаў у Беларусі. А таксама правакавалі іх удзельнікаў на агрэсіўнае процідзеянне органам правапарадку. Зараз вядзецца праца па пошуку і затрыманні ўсіх вінаватых.