Урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Незалежнасці, праходзяць па ўсёй краіне

2 июля 2015

Урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Незалежнасці і 71-ай гадавіне вызвалення Беларусі, праходзяць па ўсёй краіне. Сёння ў Гомелі ля Кургана Славы - урачысты мітынг і цырымонія ўскладання вянкоў да вечнага агню. А ў Гродне стартуе міжнародны велапрабег "Еўропа без меж". Асноўныя ж мерапрыемствы, вядома, пройдуць 3 ліпеня ў сталіцы. Пачнецца Дзень Незалежнасці з ускладання вянкоў да манумента Перамогі. Прамую трансляцыю цырымоніі пакажа Белтэлерадыёкампанія. За дзень у Мінску пройдзе больш за сотню канцэртаў, кірмашоў і флэш-мобаў. Увечар ля стэлы "Мінск - горад-герой" пачнецца вялікай гала-канцэрт "Мы беларусы - мірныя людзі". Роўна без 5 11 беларусы пачуюць першыя акорды нацыянальнага гімна, на апошніх акордах якога вячэрняе неба асвеціць феерверк.

Святочныя залпы дадуць адначасова з шасці агнявых пазіцый. У парку Перамогі, на набярэжнай Свіслачы, у раёне населенага пункта "Навінкі", у аэрапорце "Мінск 1", на пляцоўцы ў мікрараёне Чыжоўка за МКАД, на беразе вадасховішча Дразды, а таксама ў ваенным гарадку ва Уруччы. Феерверкам, запэўнілі ваенныя, можна будзе любавацца, не выходзячы з дома, знаходзячыся ў любым пункце горада.