Журналісты рыхтуюцца да прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі

17 октября 2014

Прэзідэнт Беларусі сёння дасць прэс-канферэнцыю прадстаўнікам расійскіх рэгіянальных СМІ. Гэта фінал прэс-тура, які праходзіць ужо 12 раз.


У будынку Нацыянальнай бібліятэкі ўжо ўстаноўлены тэлекамеры нашага канала. Прэс-канферэнцыя будзе трансліравацца ў прамым эфіры Беларускага радыё, пачатак у 11 гадзін, а тэлеверсію гледачы змогуць убачыць на ўсіх нацыянальных тэлеканалах у 9 вечара.


Аб ходзе прэс-канферэнцыі мы будзем расказваць у выпусках навін АТН, і зараз слова нашаму карэспандэнту Святлане Канапацкай.


Будынак Нацыянальнай бібліятэкі чарговы раз становіцца месцам сустрэчы расійскіх журналістаў з Прэзідэнтам Беларусі. 12 па ліку. У жніўні 2003 года стартаваў гэты праект. Арганізатары ці наўрад тады разлічвалі, што гэтая беларуская ініцыятыва выкліча такую ўстойлівую цікавасць расійскай аўдыторыі. І сённяшняя сустрэча пацвярджае, цікавасць гэта не згасае.


Сёння тут геаграфічна прадстаўлена ўся Расія. Больш за 100 журналістаў з 80 выданняў. За вялікім круглым сталом бібліятэкі збіраюцца як прадстаўнікі буйных вядомых выданняў, так і мясцовыя, рэгіянальныя СМІ. ТАСС, Расія сёння, часопісы Российская Федерация сегодня і Эксперт, чатыры федэральныя тэлеканалы, радыё Голас Расіі, Радыё Расіі, газета Красная звезда і Парламентская газета. Сукупны тыраж прадстаўленых друкаваных выданняў складае больш як 3,5 мільёна экзэмпляраў, аўдыторыя гледачоў - больш як 135 мільёнаў чалавек, а колькасць радыёслухачоў больш як 120 мільёнаў.


Праблем з тэмамі ў журналістаў няма. Праграма прэс-тура строіцца такім чынам, каб журналісты змаглі як мага больш убачыць. Спачатку яны падарожнічаюць па краіне. На гэты раз журналісты пабывалі ў Віцебскай вобласці. Наведалі ўсе знакавыя прадпрыемствы, Нафтан, Віцебскдрэў, Белвест, паглядзелі, чым жыве беларуская вёска, пабывалі ў Полацкім дзяржуніверсітэце, азнаёміліся з культурнымі і гістарычнымі месцамі Беларусі.


Зараз, назапасіўшы ўражанняў і пытанняў, журналісты рыхтуюцца да галоўнай падзеі - прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі.


Як паказваюць папярэднія сустрэчы, у арсенале ў калег заўсёды вельмі шмат пытанняў. Прэс-канферэнцыя, як правіла, доўжыцца некалькі гадзін і ахоплівае ўвесь спектр тэм - ад вялікай палітыкі і эканомікі, да пытанняў аб асабістым. Усе ўжо добра ведаюць асаблівасць беларускага лідара - яму можна задаваць самыя вострыя пытанні. Аляксандр Лукашэнка дасць адказы. І галоўнае, па што едуць журналісты, гэта магчымасць пачуць усё з першых вуснаў, без купюр.


Усё, што адбываецца сёння ў будынку Нацыянальнай бібліятэкі, будуць фіксаваць дзясяткі тэлекамер. Журналістам, якія будуць аператыўна рыхтаваць матэрыялы, прэс-цэнтр прапаноўвае рабочыя месцы. Фармат мерапрыемства за гэтыя гады не змяніўся, як і яго галоўная мэта - данесці аб'ектыўную інфармацыю аб краіне і яе людзях.


У сувязі з прэс-канферэнцыяй Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі прадстаўнікам расійскіх рэгіянальных СМІ на тэлеканале Беларусь 1 змяняецца сетка вяшчання. Панарама выйдзе ў эфір у 20.25. У 21.00 на ўсіх нацыянальных тэлеканалах глядзіце тэлеверсію прэс-канферэнцыі Кіраўніка дзяржавы. Прамая трансляцыя, нагадаем, пачнецца ў 11.00 на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё.