Толькі ў Мінску залілі 30 хакейных каробак

7 февраля 2017

Свежае зімовае надвор'е спрыяе актыўнаму адпачынку, у тым ліку і ў школах. Урокі фізкультуры зараз праходзяць на свежым паветры. Лыжы, канькі, хакей... Толькі ў Мінску залілі 30 хакейных каробак. Для дарослых аматараў лыжных прагулак - 16 трас і 40 пунктаў пракату. А паўсотні каткоў - для заняткаў фігурным катаннем. Самыя заўзятыя спартсмены ладзяць нават футбольныя матчы на лёдзе. Падрабязна - Аляксандр Харавец.

Яму ўжо сёмы дзясятак, аднак свайго ўзросту Леанід Машавец не адчувае. На хакейнай пляцоўцы разам з вучнямі настаўнік фізкультуры на роўных з запалам ганяе мяч. І так на працягу 6 урокаў. Коўзкае пакрыццё толькі заахвочвае гульцоў. І тут ужо не важна, хто за якую каманду выступае, галоўнае - утрымацца на нагах і забіць гол.

Матч доўжыцца усяго 45 хвілін. У тайм-аўце спрабуем узяць інтэрв'ю у адной з каманд. Аднак, як і ў прафесійным спорце, усе каментарыі толькі пасля матчавай прэс-канферэнцыі.

Гэтая дваровая лядовая пляцоўка стала цэнтральнай арэнай літаральна ўсяго мікрараёна Каменная Горка. У якасці грэйдара - звычайныя шуфлі. Іх хакеісты часова арандуюць у суседняй школе. Вароты прыносяць з сабой, на нагах, а ўсе спрэчныя моманты хакеісты вырашаюць самастойна.

На хакейнай пляцоўцы ўсе роўныя, адзінае правіла - паважаць саперніка і не кідаць шайбу вышэй за канёк. Усе няроўнасці на лёдзе аматары-хакеісты выпраўляюць пры дапамозе вады і пластыкавых бутэлек і пасля таго, як завершыцца гульня - каля 10-ці вечара. А з 8-мі раніцы каток зноў ажывае.

Драйв і пазітыў мінчане атрымліваюць на адной з самых вялікіх горак у сталіцы. Аматары хуткасных спускаў з розных куткоў сталіцы штодзень збіраюцца на ўскрайку Мінска. Паводле слоў Марыі Вінічэнкі, адзін такі спуск замяняе штодзённы прыём вітамінаў.

Вопытныя кайтары сцвярджаюць, з'язджаючы з такой гары, атрымліваеш не толькі зарад адрэналіну, але і бясплатны сеанс масажу. Адзіная ўмова - трэба сядзець вось на такой дошцы.

Зрэшты, сёння само надвор'е заклікае мінчан не сядзець у кватэрах, а бавіць час на вуліцы - сумясціць адпачынак і аздараўленне.