"ТЕМП" чацвёрты раз праходзіць у Беларусі

28 июня 2018

200 прафсаюзных актывістаў з 20 краін сабраў у Мінску адзін з самых маштабных моладзевых форумаў. "ТЕМП" праходзіць у нашай краіне ўжо чацвёрты раз, і сёлета ўпершыню прадугледжаны рэгіянальны блок. Сёння ўдзельнікі форуму пабывалі на буйных беларускіх прадпрыемствах. Там яны азнаёміліся з працай прафсаюзных арганізацый і наведалі цэхі, дзе вырабляюць прадукт сусветнага значэння. Сваімі ўражаннямі яны падзяліліся з Юліяй Грызунт.

У Беларусі працягваецца адзін з самых маштабных моладзевых форумаў. Прафсаюзныя актывісты з 20 краін прыехалі да нас, каб даведацца, як пачынаюць кар'еру маладыя беларусы, і падзяліцца сваім вопытам. Сёння пачалася рэгіянальная праграма. Такі блок на форуме праходзіць упершыню.

Першы пункт недалёка ад сталіцы. Заводу "Белджы" ўсяго год, і можна смела заявіць, што моладзь - аснова гэтага прадпрыемства. 80 % калектыву ва ўзроставай катэгорыі да 31 года. Рыхтуюць супрацоўнікаў яшчэ падчас навучання ў каледжы, студэнты ходзяць сюды на практыку, ну а для выпускнікоў трохмесячная сістэма навучання. Матывацыя банальная, аднак самая правераная: чым вышэйшая катэгорыя, тым большая зарплата. Акрамя таго, для супрацоўнікаў 25-працэнтная зніжка на аўтамабілі беларускай маркі. Таксама маладых спецыялістаў безумоўна вабіць рэпутацыя аднаго з самых сучасных беларускіх прадпрыемстваў.

Сёння на "Белджы" працуе тысяча спецыялістаў. У сакавіку на заводзе стварылі сваю прафсаюзную арганізацыю. Менавіта для таго, каб азнаёміцца з яе працай, сюды на экскурсію прыехалі ўдзельнікі міжнароднага прафсаюзнага форуму.

Тым, як будуецца праца прафесійных саюзаў у іншых краінах, удзельнікі "ТЕМПа" дзяліліся з беларускімі калегамі.

"Белшына" - яшчэ адно прадпрыемства ў маршруце ўдзельнікаў мерапрыемства. Пятая частка персаналу завода - моладзь. Тое, што маладыя спецыялісты не баяцца ісці на вялікія заводы, не дзіўна. Заработная плата тысяча рублёў тут не выключэнне. Плюс сацыяльны пакет - забеспячэнне месцамі ў інтэрнаце, прадпрыемства дапамагае і ў аплаце камунальных паслуг.

Ды і перспектыва кар'ернага росту ёсць. Без адрыву ад вытворчасці можна прайсці перанавучанне на профільную, патрэбную, заводскую спецыяльнасць, павысіць кваліфікацыю. Гадуюць са школы спецыялістаў - ёсць профільны клас пры першай гімназіі Бабруйска. Удзельнікі форуму засталіся ўражаныя.

Беларускія шыны экспартуюцца ў 60 краін свету. Вытворчасць мяняюць пад выпуск шын усіх тыпапамераў. Аж да самых вялікіх у свеце кар'ерных самазвалаў.

"ТЕМП" прадоўжыцца да суботы. 30 чэрвеня ўдзельнікі форуму адправяцца на стадыён "Дынама", які адкрыўся літаральна на мінулым тыдні. Там пройдзе сапраўды міжнародны забег, дзве сотні прафсаюзных актывістаў з усяго свету прабягуць па стадыёне разам з беларускімі спартсменамі.