Тэлеканал "Беларусь 4. Гомель" сёння пачаў вяшчанне

25 сентября 2015

17 гадзін эфіру і максімум цікавага для гледачоў. Новы тэлеканал "Беларусь 4. Гомель" сёння пачаў вяшчанне. Яго платформа грунтуецца на ўніфікаванай сетцы вяшчання для ўсіх абласцей краіны пад адзіным брэндам "Беларусь 4". Перавага новага тэлеканала ў тым, што героем эфіру можа стаць практычна кожны глядач Гомельскай вобласці. Асаблівую ўвагу тэлевізійшчыкі плануюць надаваць навінавым праграмам. Акрамя таго, гледачам прапануюць адразу некалькі новых праектаў самай рознай тэматыкі - сацыяльна-эканамічнай, культурнай, спартыўнай і праваахоўнай. У сетцы вяшчання - ток-шоу, прамыя тэлевізійныя трансляцыі мясцовых спартыўных спаборніцтваў і масавых культурных мерапрыемстваў.

Святлана Яўрасава, дырэктар тэлерадыёкампаніі "Гомель": "У нас на Гомельскім тэлебачанні ў канцы 90-х гадоў выходзіла ў эфір праграма, якая была вельмі папулярная ў тэлегледача. Называлася яна "Вечарынка па пятніцах". І мы вырашылі: а чаму б і не? Чаму б новую добрую справу не пачаць менавіта ў пятніцу, тым больш што базавай праграмай новага тэлеканала "Беларусь 4. Гомель" будзе аналагічная праграма "Добры вечар, Гомель".

У гонар адкрыцця новага тэлеканала тэлевізійшчыкі выпусцілі ў неба некалькі дзясяткаў паветраных шароў з лагатыпам "Беларусь 4. Гомель". А завяршылася мерапрыемства святочным феерверкам.