Сырны фэст ладзіцца ў Цэнтральным батанічным садзе

20 июня 2015

Цвёрдыя, мяккія і нават працяглага паспявання - больш за 70 відаў сыру сёння прэзентавалі ў Цэнтральным батанічным садзе. Сырны фэст ў сталіцы ладзіцца трэці раз. Лепшыя прадпрыемствы краіны дэманструюць свае калекцыі натуральных сыроў. Іх, дарэчы, можна прадэгуставаць на свяце. У гэтыя хвіліны для наведвальнікаў ладзяцца кулінарныя майстар-класы, міні-флэшмоб і нават сырныя алімпійскія гульні. З сырнага свята рэпартаж Юліі Токар.

Майстар Галіна Таран са Слаўгарада на працягу чатырох гадоў варыць сыр па хатніх рэцэптах, выключна з казінага малака. Такі натуральны прадукт вылучаецца сваёй “жвавасцю”.

Дарэчы, слаўгарадскія сыры ведаюць і за мяжой. Традыцыйныя хатнія рэцэпты сыраварэння карыстаюцца попытам у Расіі, Германіі і Францыі. Гастранамічны турызм для Мінска становіцца свайго рода візітнай карткай.

Сырны фэст аб’яднаў 8 лепшых прамысловых прадпрыемстваў краіны. У кожнай арганізацыі свае асаблівыя тэхналогіі вырабу.

На сёлетнім фестывалі прапанавана больш за 70 відаў сыра. Навінка гэтага года - сыр працяглага паспявання. Пры гадавой вытрымцы ён набывае своеасабліваю кансыстэнцыю, а замест традыцыйнага жоўтага колеру становіцца карычневым.

Падчас фэсту мінулым годам наведвальнікі набылі амаль дзве тоны сыра. На гэты раз гасцей прыйшло значна больш. Для іх, акрамя майстар-класаў і дэгустацый, падрыхтаваная забаўляльная праграма з конкурсамі і танцавальным флэшмобам. Сырнае свята працягнецца да вечара, азартных наведвальнікаў чакае сырнае казіно.