Згуляць у гіганцкія шахматы на адкрытай пляцоўцы і задаць пытанне Сакрату

26 мая 2015

Такая магчымасць зараз ёсць у студэнтаў, выкладчыкаў і гасцей Полацкага дзяржуніверсітэта. Новыя славутасці з'явіліся ў дні святкавання чарговай гадавіны ВНУ.

Марына Раманоўская ацаніла маштабныя падарункі.

Яшчэ нядаўна гэта быў газон, побач паркавалі машыны. Зараз тут штодня праходзяць турніры па вулічных шахматах. На стварэнне праекта пайшло некалькі месяцаў. Шахматную пляцоўку ўласнымі рукамі зрабілі выкладчыкі і студэнты ВНУ.

У перапынках паміж заняткамі на пляцоўцы можна сустрэць і выкладчыкаў. Сяргей Дзянісёнак не супраць згуляць са студэнтамі. Кандыдат у майстры спорту па шахматах ахвотна дзеліцца хітрасцямі гульні з пачаткоўцамі.

Гэтая галава, якая размаўляе, - яшчэ адна славутасць універсітэта. Размясцілася навінка ў будынку былога езуіцкага калегіума, а цяпер універсітэцкага корпуса. Механічная галава Сакрата - дакладная копія твора знакамітага навукоўца Габрыэля Грубера, які працаваў у найстаражытнейшым беларускім горадзе яшчэ ў канцы XVIII стагоддзя.

Нават у век высокіх тэхналогій вынаходства дзівіць. Механічная галава здольная адказаць на любое пытанне. Сівавалосы старац выдатна ведае рускую, беларускую, англійскую, нямецкую і латынь.

Вырабілі сучасную копію механічнай галавы з сілікону. Над канструкцыяй працавалі дзясяткі спецыялістаў, электроннае начынне распрацавалі выкладчыкі ВНУ. Як і ў часы езуітаў, асаблівасці працы складанага механізму ва ўніверсітэце не выдаюць.

У Полацкім універсітэце паспяхова сумяшчаюць гістарычную спадчыну і новыя тэхналогіі. У найноўшай гісторыі дзясяткі адноўленых і рэканструяваных славутасцяў розных стагоддзяў. Ва ўніверсітэце адкрылі залу гістарычнага касцюма, узнавілі старажытную студню. У планах не меней грандыёзныя праекты. Іх зноў жа трымаюць у сакрэце.