Лёс Асмолаўкі па-ранейшаму застаецца нявызначаным

25 ноября 2016

Лёс першага элітнага мікрараёна беларускай сталіцы - Асмолаўкі, збудаванага ў пасляваенныя гады, і вакол якога апошнім часам кіпяць бурныя дыскусіі, па-ранейшаму застаецца нявызначаным. Наданне яму статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці часова адкладзена.

Як паведамляюць у Міністэрстве культуры, перш чым прыняць падобнае рашэнне, неабходна распрацаваць канцэпцыю развіцця гэтай часткі горада. Зараз Асмолаўка - выключна спальны мікрараён. І наданне статусу без дакладнага менеджмент-плана можа прынесці мясцовым жыхарам шэраг нязручнасцяў, напрыклад, забарону на пэўныя змяненні, і рэканструкцыю ўскладніць працэс падтрымання будынкаў у належным выглядзе. Дарэчы, гарадскія ўлады гавораць аб тым, што знос некаторых канструкцый у кварталах дасягае 75%.

Нагадаем, ініцыятарамі надання кварталу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці выступілі мясцовыя жыхары. Яны сабралі больш як 300 подпісаў у падтрымку гэтай ідэі.