Будаўніцтва новых станцый Зеленалужскай лініі метро працягваецца

20 июля 2021

Плюс 300 метраў да Зеленалужскай лініі. Будаўніцтва новых станцый метро працягваецца ў Мінску. Механізаваны комплекс "Алеся" пракладвае левы тунэль на ўчастку ад "Аэрадромнай"  да "Немаршанскага саду". З канцавой станцыяй  -  "Слуцкім гасцінцам" -  злучыць падземную магістраль плануюць да канца года. 

Сюжэт з нетраў зямлі - у Алены Вітко.


 "Немаршанскі сад" патанае ў зеляніне. У аснове інтэр'еру "Слуцкага гасцінца" - узоры знакамітых паясоў. На "Аэрадромнай" жа  прастора адлюстроўвае тэму палёту. Рэндары новых станцый метро  пакуль у працэсе візуалізацыі. Зараз уся ўвага да будаўніцтва.


І калі гэту станцыю метро будуюць адкрытым спосабам (за працэсам у катлаване можна назіраць з вышыні птушынага палёту), то тут асноўная праца - у нетрах зямлі. Механізаваны комплекс "Алеся" пракладае тунэль. 8 кольцаў за суткі, а гэта каля 11 метраў.


У праходчыка Антона Герасімовіча  місія адказная. Ён кіруе 90-метровым шчытом "Алеся". Спраўляцца з горнымі пародамі даводзіцца літаральна навобмацак. Ісці строга па траекторыі дапамагаюць сучасныя сістэмы.


Да канцавой станцыі ў паўднёвым накірунку "Алеся" дойдзе да канца года. Пакуль  падземная магістраль расце на ўчастку паміж "Аэрадромнай" і 2Немаршанскім садам".


Самая высокая ступень гатоўнасці  - у станцыі метро "Аэрадромная". Пачалі  будаўніцтва тут у 2019 годзе, сёння ж  застаюцца работы па ўваходных групах. Часткова пачалі аздабленне. Дарэчы, менавіта тут  на перспектыву залажылі перасадачны вузел на чацвёртую ветку. 


"Аэрадромная" стане адной з самых папулярных станцый. Размясцілася яна на месцы былога аэрапорта-1. Зараз там будуюць сучасны жылы комплекс. Сваю ацэнку жыхары мегаполіса паставяць ужо ў 2023 годзе. Затым лінія метро будзе пашырацца да Зялёнага Лугу. Дарэчы, з моманту адкрыцця трэцяя ветка перавезла каля 2,5 мільёна пасажыраў. Рэкордныя ж лічбы для сталічнага метрапалітэна яшчэ наперадзе. У планах  чацвёртая лінія метро. Магчыма, яна будзе кальцавой і надземнай.