У Беларусі святкуюць Дзень Дзяржаўнага флага, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь

14 мая 2023

Сёння ў Беларусі адзначаюць Дзень Дзяржаўнага флага, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна. Са святам суайчыннікаў павіншаваў Прэзідэнт.

"У гэтых сімвалах увасабляецца памяць пакаленняў, адлюстроўваюцца нацыянальная самасвядомасць і няпросты гістарычны шлях народа, злучаюцца разам мінулае, сучаснасць і будучыня беларускай дзяржавы. Нашы сапраўды народныя флаг, герб і гімн зразумелыя і праўдзівыя, захоўваюць у сабе жыццёвую мудрасць, умацоўваюць духоўныя сілы, натхняюць на новыя здзяйсненні. Імкненне да міру, адданасць роднай зямлі і гатоўнасць ствараць у імя будучых пакаленняў дапамагалі беларусам ва ўсе часы заставацца вернымі сабе і сваім прынцыпам. Упэўнены, гэтыя якасці дазволяць нам не толькі выстаяць перад тварам сённяшніх выклікаў, але і прымножыць дасягненні суверэннага перыяду", - гаворыцца ў віншаванні.

Апошнія змяненні карцінкі герба адбыліся ў 2021 годзе. Контур краіны стаў залатым замест зялёнага, змяніліся формы каласоў, канюшыны і льна. Змянілі колер мацерыкі на зямным шары - яны сталі цёмна-аранжавымі замест сініх. Сам шар трохі разгарнуўся, зараз на ім бачна тая частка Еўропы, у якой размешчана Беларусь. А ў 2002-м былі зацверджаны тэкст і музычная рэдакцыя дзяржаўнага гімна.

Сёлета Беларусь упершыню адзначае адразу дзень трох дзяржаўных сімвалаў. Да нядаўняга часу ў другую нядзелю мая ўшаноўвалі толькі герб і флаг. Прапанову зрабіць яго святам і гімна ў сакавіку на штогадовым пасланні агучыў кіраўнік дзяржавы.

12 красавіка Прэзідэнт Беларусі падпісаў адпаведны ўказ. Наш тэлеканал напярэдадні паказаў серыю праекта "Беларусь якая стварае", прысвечаную дзяржсімвалам краіны. Паўтор можна паглядзець сёння ў 11:50.