Сталі вядомыя лаўрэаты праекта "Сімвалы маёй краіны"

6 июля 2020
У Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці ўручылі ўзнагароды лаўрэатам творчага праекта "Сімвалы маёй краіны". Уласнае бачанне атрыбутаў нашага суверэнітэту - герба і флага - аўтары ўвасаблялі, арыентуючыся на эталон. Спецыяльнымі дыпломамі і прызавымі месцамі прафесійнае журы адзначыла 20 канкурсантаў. Эксперыментавалі не толькі з мастацкімі жанрамі, але і з матэрыялам. Нацыянальную сімволіку паказвалі ў алмазнай мазаіцы, роспісе па шкле і нават выпечцы. Працы пераможцаў папоўняць фонды Нацыянальнага гістарычнага музея.

Павел Сапоцька, дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі: "Напярэдадні Дня Незалежнасці і перад выбарамі Прэзідэнта РБ такія тэмы, менавіта ідэалагічнага падтэксту, вельмі важныя. І тое, што  людзі ўзялі вось матэрыял, уключылі максімальна свой творчы рэсурс, крэатыў і ўвасобілі вось важны такі момант, прысвечаны 25-годдзю Дзяржаўнага герба і флага РБ, для нас, вядома, з'яўляецца вельмі моцным фактарам".

Лінда Фелер, лаўрэат конкурсу "Сімвалы маёй краіны": "У працэсе было вырашана зрабіць зялёную частку ў выглядзе лісткоў папараці, бо гэта сімвал беларускі, і арнамент вельмі шмат часу заняў. Мы не чакалі, што так атрымаецца добра. Мы ў захапленні ад сваёй працы".

Лепшыя працы не толькі стануць экспанентамі выстаў. У перспектыве яны могуць папоўніць рады беларускай сувенірнай прадукцыі.