Адразу на дзве гарадскія пляцоўкі паскардзіліся мінчане

15 мая 2015

Месца для адпачынку і адсутнасць добраўпарадкавання. Адразу на дзве гарадскія пляцоўкі паскардзіліся мінчане. Па-першае, на Севастопальскі парк, які ўжо шмат гадоў патрабуе мадэрнізацыі і абсталявання. Другая ў праблемным спісе – набярэжная Свіслачы з дарожным пакрыццём, па якім ужо амаль немагчыма прайсціся.

Разабрацца адразу ў дзвюх праблемах паспрабавала Надзея Сербіненка. Севастопальскі парк, куды мінчанка Іна Князева кожны дзень ходзіць з дзіцем, выклікае супярэчлівыя пачуцці. З аднаго боку, гэта куток прыроды, а з другога, адсутнасць самай простай інфраструктуры. Нават дзіцячая пляцоўка даўно патрабуе рамонту. Акрамя таго, з-за невялікай колькасці адпачывальнікаў парк стаў небяспечным.

На ўсёй тэрыторыі парку (а гэта прыкладна 30 футбольных палёў) усяго некалькі лавачак, а пра асфальтаваныя дарожкі мясцовыя жыхары нават і не мараць. Работнікі раённага Зелянбуда як могуць падтрымліваюць чысціню, але гэтага недастаткова.

Парк патрабуе маштабнай мадэрнізацыі і добраўпарадкавання. План рэканструкцыі ўжо існуе – ён уключае стварэнне некалькіх зон адпачынку і сцежкі здароўя са спартыўнымі трэнажорамі. Але калі Севастопальскі набудзе адноўлены выгляд, невядома.

Яшчэ адзін праблемны аб’ект, але ўжо ў цэнтры Мінска, - гэта набярэжная ўздоўж ракі Свіслач ля Траецкага прадмесця.

Набярэжная Свіслачы – мясціна гістарычная. Але запрашаць сюды турыстычныя групы не заўсёды бяспечна. Агароджа, якая пакасілася, і выбоіны ў плітцы шырынёй метр – такую карціну тут можна бачыць ужо не першы год.

Рэканструкцыя набярэжнай была запланаваная яшчэ на мінулы год, але да гэтай пары сапраўдныя дзіркі ў дарожным пакрыцці не залатаныя.

Безумоўна, рамонт гарадскіх зон адпачынку залежыць ад фінансавання. Але ж і адносіны мінчан і гасцей сталіцы да паркаў і сквераў уплываюць на многае. Чыста і ўтульна там, дзе не смецяць.