Адразу два помнікі савецкім лётчыкам з'явіліся сёння ў Маладзечанскім раёне

2 июля 2014
Першы мемарыял экіпажу бамбардзірошчыка, збітаму ў першыя дні вайны, адкрылі ў вёсцы Плябань. Другі манумент быў узведзены ў суседнім пасёлку Чырвонае, дзе сёння перапахавалі астанкі загінуўшых лётчыкаў. Гісторыя пра тое, што ў агародзе мясцовага жыхара захоўваюцца абломкі бамбардзіроўшчыка, больш як 70 гадоў была толькі вясковай легендай. І вось сёлета ў маі журналісты холдынга С.Б. Беларусь сегодня арганізавалі пошукавую экспедыцыю. З дапамогай гісторыкаў Музея Вялікай Айчыннай вайны, вайскоўцаў 52-га пошукавага батальёна і супрацоўнікаў Маладзечанскага МНС ім удалося адшукаць сотні фрагментаў збітага самалёта. Але ўсё ж самай галоўнай знаходкай той экспедыцыі сталі астанкі і асабістыя рэчы трох загінуўшых членаў экіпажа.

Юрый Шаўчук пра тое, што ніхто не забыты.

Першыя дні вайны. 223-му далёкаму бамбардзіровачнаму авіяпалку даручана атакаваць калону фашысцкай тэхнікі. Эскадрыллі самалётаў ішлі на заданні з маленькім шанцам вярнуцца. Цяжкія машыны пры сустрэчы з нямецкімі знішчальнікамі выракалі экіпаж на верную смерць. Адзін з такіх баёў завязаўся ў небе над вёскай Плябань.

Вось тое самае месца, дзе 27 чэрвеня 1941 года ўпаў самалёт ДБ 3Ф. Праз 73 гады тут агарод мясцовых жыхароў, а пра тую страшную трагедыю нагадвае хіба што толькі мемарыял, які зараз стаіць за 15 метраў ад гэтага месца.


Адкрыццё манумента ў вёсцы Плябань адбылося сёння. Зняць заслону таямніцы з абеліска даручылі ўнуку штурмана, які загінуў з двума іншымі лётчыкамі ў тым самым самалёце. Увекавечыць імёны герояў на мармуровай пліце стала магчымым пасля раскопак, якія завяршыліся літаральна месяц таму. Ініцыятарамі пошукавай кампаніі былі супрацоўнікі Музея Вялікай Айчыннай вайны і журналісты холдынга С.Б.
Беларусь сегодня. Дарэчы, ім жа ўдалося знайсці ў Екацярынбургу і сваяка загінуўшага лётчыка.


У будучыні знойдзеныя абломкі бамбардзіроўшчыка папоўняць экспазіцыю Музея Вялікай Айчыннай вайны. А астанкі герояў з усімі ўшанаваннямі перапахавалі сёння ў пасёлку Чырвонае.


Адразу пасля рытуалу ля магілы адкрылі помнік, які будзе нагадваць пра той подзвіг савецкіх лётчыкаў. Палатно з манумента зняў галоўны рэдактар холдынга С.Б. Беларусь сегодня Павел Якубовіч.


Павел Якубовіч, галоўны рэдактар холдынга С.Б. Беларусь сегодня: Наш энтузіяст, намеснік рэдактара Васіль Мацвееў далажыў мне гісторыю пра тое, што можна даведацца пра лёс астанкаў пілотаў нашага бамбардзіроўшчыка, і мы такую экспедыцыю падрыхтавалі.


Тут, у Маладзечанскім раёне, у першыя дні вайны былі збітыя сотні савецкіх самалётаў. Сярод іх быў і борт легендарнага лётчыка Мікалая Гастэлы.

Знойдзеныя і перапахаваныя астанкі пілотаў бамбардзіроўшчыка - толькі адзін экіпаж цэлай арміі нябесных заступнікаў, якія загінулі падчас Другой сусветнай вайны. А колькіх яшчэ воінаў да сённяшняга дня так і застаюцца пахаваныя без ушанаванняў, ведаюць толькі землі, азёры і рэкі тых мясцін, дзе яны змагалізся за Радзіму.