Спецыяльныя прэміі Мінгарвыканкама ўручаны ста адораным школьнікам сталіцы

26 мая 2015

Лепшыя ў навуцы, мастацтве і спорце. Спецыяльныя прэміі Мінгарвыканкама ўручаны сёння ста адораным школьнікам сталіцы. Напрыканцы навучальнага года ўрачыстае ўзнагароджанне стала своеасаблівым падвядзеннем вынікаў. Дарэчы, сёлета граматамі і падзякамі адзначылі не толькі вучняў і іх настаўнікаў, але і бацькоў. На ўрачыстым прыёме ў канцэртнай зале "Верхні горад" пабывала і Надзея Сербіненка.

Канец мая як для школьнікаў, так і для іх настаўнікаў – перыяд падвядзення вынікаў. Наперадзе экзамены і паступленне ў розныя навучальныя ўстановы, у мінулым цэлы год напружанай вучобы і падрыхтоўкі.

Вынікі плённай працы на працягу ўсяго навучальнага года падводзяць сёння. Пераможцы міжнародных алімпіяд, навуковых спаборніцтваў, юныя мастацтвазнаўцы, парламентарыі і спартсмены сёння атрымліваюць прэміі Мінгарвыканкама.

Урачыстае ўручэнне прэмій гарадской мэрыі ладзілася ў канцэртнай зале “Верхні горад”. Навучэнцаў школ і гімназій сталіцы павіншаваў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Ігар Карпенка.

Пераважная большасць школьнікаў, якія прысутнічаюць у зале, дасягнулі сур'ёзных поспехаў у вучобе і навуцы. Менавіта яны прывозяць з міжнародных конкурсаў і алімпіяд прызавыя месцы. Але ўзнагароджваюць сёння і юных спартсменаў. Так, Ганна Жолудзь выступае за нацыянальную зборную па лыжных гонках. Пры гэтым дзяўчына адна з лепшых вучняў у класе.

Асаблівая падзяка была выказана педагогам і бацькам, без падтрымкі якіх школьнікі не змаглі б дасягнуць такіх вынікаў.

Асабістыя прэміі Мінгарвыканкама ўручаюць самым таленавітым сталічным школьнікам ужо васямнаццаты раз. Акрамя грамат, усе школьнікі атрымалі і грашовыя ўзнагароды.