Сумесныя праекты Беларусі і Расіі ў касмічнай сферы абмяркоўвалі ў Мінску

18 марта 2014
Новыя сумесныя праекты Беларусі і Расіі ў касмічнай сферы сёння абмяркоўвалі ў Мінску ў Акадэміі навук. Маніторынг-СГ - такая праграма па вывучэнні касмічных працэсаў запрацавала чатыры месяцы таму. Галоўная мэта гэтага праекта - даследаванне і атрыманне інфармацыі аб касмічнай прасторы, а затым выкарыстанне гэтых звестак на карысць людзей.

Аб праекце Саюзнай дзяржавы распавядзе Паліна Іванча.

Тут, у Цэнтры кіравання палётам беларускага касмічнага апарата, можна знайсці здымкі ў літаральным сэнсе кожнага квадратнага кіламетра нашай планеты. За суткі - нацыянальны аператар працуе 24 гадзіны - дыспетчары звязваюцца са спадарожнікам да сямі разоў. Магчымасці застацца незаўважанай для любой надзвычайнай сітуацыі - ці то пажар або чарговая паводка - зводзяцца да нуля.

Маніторынг-СГ - гэта афіцыйная назва новай касмічнай праграмы Беларусі і Расіі, яна пачала дзейнічаць 4 месяцы таму і разлічана да 2017 года. Бюджэт - больш за 66 мільёнаў долараў. Сёння ў касмічныя дэталі новых саюзных праектаў спецыяльна для журналістаў паглыбіліся ў Нацыянальнай акадэміі навук. Першы і, мабыць, галоўны пункт у новай праграме - павысіць надзейнасць і так званую жывучасць касмічнай тэхнікі.

Сяргей Караняка, выканаўчы дырэктар касмічнай праграмы Маніторынг-СГ: Будуць створаны новыя комплексы, якія дазволяць у лабараторных умовах на зямлі правесці адпаведныя выпрабаванні касмічнай тэхнікі, прамадэляваць умовы эксплуатацыі гэтай тэхнікі ў космасе, перш чым яе запускаць. Далей пачынае працаваць касмічны апарат, і ён павінен функцыянаваць больш за 5 гадоў.

Далей стварэнне і выкарыстанне новай апаратуры і сістэм, якія дазволяць больш дакладна і якасна сканіраваць зямную паверхню з космасу, у прыватнасці, сельскагаспадарчыя ўгоддзі. У выніку можна будзе не толькі ўбачыць, што дзе пасеяна, але і, напрыклад, кантраляваць стан і ступень паспявання сельгаскультур.

Яшчэ адзін дэвайс, які можа з'явіцца ў беларускага касмічнага апарата з новай саюзнай праграмай - гэта радыёлакацыённы сканар. З дапамогай гэтай прылады атрымліваць здымкі Зямлі з космасу высокага дазволу можна будзе незалежна ад умоў надвор'я.
Згодна з праектам, з'явіцца нават так званы гібрыдны банк звестак, у якім будзе збірацца касмічная інфармацыя, атрыманая з двух спадарожнікаў-блізнят адначасова - нашага і расійскага Канопуса. Студэнты касмічных спецыяльнасцяў змогуць вучыцца не толькі па кніжках і, нарэшце, запусціць у космас свой універсітэцкі спадарожнік.