Савет міністраў вызначыў выразны парадак, паводле якога беларусы могуць атрымаць сямейны капітал

27 февраля 2015

Выразны парадак, паводле якога беларусы могуць атрымаць сямейны капітал, абазначыў Савет міністраў. Такая падтрымка шматдзетных бацькоў у нашай краіне з'явілася з 1 студзеня гэтага года. Такім чынам, дзесяць тысяч долараў на безнаяўнай аснове зараз могуць атрымаць сем'і, якія з гэтага года выхоўваюць больш чым двое дзяцей. Грошы можна выкарыстаць на паляпшэнне жыллёвых умоў, адукацыю, медпаслугі, а таксама фарміраванне назапашвальнай пенсіі маці.

Куды звяртацца і з якімі дакументамі, разбіралася Паліна Іванча. Рост - 53 сантыметры, вага - 3500. Некалькі дзён назад Таццяна Кудлянкова трэці раз стала маці.

З нараджэннем Ігната сям'я аўтаматычна атрымала статус шматдзетнай. І зараз гэтак жа, як і ўсе беларускія сем'і, у якіх сёлета з'явілася трэцяе, чацвёртае або нават пятае дзіця, можа прэтэндаваць на сямейны капітал.

Для гэтага ў першую чаргу, трэба напісаць заяву ў мясцовым выканкаме. У дадатак - пакет дакументаў: у ім, зразумела, пашпарт, пасведчанні аб нараджэнні дзяцей або копія ўсынаўлення, пасведчанне аб шлюбе. Калі ж сям'я няпоўная, то неабходна таксама падаць дакумент аб скасаванні шлюбу або пасведчанне аб смерці мужа і пагадненне аб дзецях.

Вольга Сцяпанава, начальнік упраўленняя сацыяльнай абароны Адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінгарвыканкама: "На працягу пяці працоўных дзён з моманту прыняцця дакументаў мясцовы выканаўча-распарадчы орган абавязаны запрасіць даведку з месца жыхарства і дакументы ў дачыненні дзяцей. І пасля разгляду і прыняцця рашэння аб прызначэнні альбо аб адмове заяўнік на працягу пяці працоўных дзён апавяшчаецца аб прынятым адміністрацыяй рашэнні".

Толькі ў Маскоўскім раёне сталіцы кожны месяц на 35 шматдзетных сем'яў становіцца больш. Усяго ж тут зарэгістравана каля 2 тысяч бацькоў, якія выхоўваюць больш чым двое дзяцей. Тым не менш, прэтэндаваць на сямейны капітал могуць толькі тыя сем'і, у якіх трэцяе і наступнае дзіця з'явілася з 1 студзеня гэтага года.

Нагадаем, адразу сямейны капітал на рукі атрымаць не атрымаецца. Усе 18 гадоў грошы захоўваюцца на банкаўскім рахунку і на іх налічаюць працэнты. Каб адкрыць адпаведны дэпазітны рахунак, трэба на працягу паўгода звярнуцца ў падраздзяленне Беларусбанка. З сабою - абавязкова пашпарт і рашэнне выканкама аб прызначэнні сямейнага капіталу.

Грошы будуць пералічаныя ў доларах. Каб іх выкарыстаць, прыйдзецца зноў ісці ў выканкам з заявай. Магчымасць распараджацца сямейным капіталам можна даць аднаму з членаў сям'і. Для гэтага трэба аформіць згоду кожнага і пацвердзіць яе натарыяльна.

Марына Арцеменка, намеснік начальніка аддзела народанасельніцтва, гендэрнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі: "Калі такой згоды ў сям'і няма, сямейны капітал падзяляецца паміж усімі членамі сям'і, якія ўваходзяць у яе склад на момант распараджэння сямейным капіталам, у роўных долях. Калі ўзнікае такая сітуацыя, што ў сям'і няма неабходнасці накіроўваць ні на мэты адукацыі, ні на ахову здароўя, ні на будаўніцтва, то ў такім разе можна накіраваць гэтыя сродкі на фарміраванне дадатковай пенсіі маці".

На тое, каб выдаткаваць сямейны капітал па частках або ў поўным аб'ёме даецца пяць гадоў. Пасля, зразумела, паўналецця трэцяга дзіцяці. Датэрмінова скарыстацца грашыма можна ў адзіным выпадку: калі ёсць заключэнне ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі, што аднаму з членаў сям'і патрэбна аказанне экстраннай платнай медыцынскай дапамогі.