Супрацоўнікі МНС праводзяць маштабную акцыю ў цэнтральным рэгіёне

16 мая 2016

Каб пазбегнуць магчымых узгаранняў, сёння ратавальнікі вобласці нагадалі дзецям пра самыя простыя правілы бяспекі. Перад канікуламі ў цэнтральным рэгіёне праходзіць маштабная акцыя. Супрацоўнікі МНС наведваюць дзіцячыя садкі і школы, сустракаюцца з дзецьмі і іх бацькамі. Антаніна Станкевіч з падрабязнасцямі.

Не проста спартыўная эстафета, а з глыбокім сэнсам. Гэтым дзецям усяго па 5-6 гадоў, аднак яны дакладна называюць самы галоўны выратавальны нумар, ведаюць, як патушыць невялікі агонь з дапамогай коўдры і нават куды бегчы самому падчас пажару. Менавіта так, у гульнявой форме, простыя правілы асвойваюцца хутчэй і больш эфектыўна.

Падобныя мерапрыемствы ладзяць зараз ледзь не ва ўсіх садках і школах цэнтральнага рэгіёна. Перад летнімі канікуламі ратавальнікі сустракаюцца з дзецьмі і іх бацькамі, каб прадухіліць бяду. На жаль, паводле статыстыкі, як раз летнія канікулы лічацца даволі небяспечным перыядам.

І бадай, самая прыемная частка сустрэчы - дэманстрацыя выратавальнага абсталявання і прыёмаў працы. Зусім нядзіўна, што многія хлопчыкі тут, на месцы, вызначаюцца з будучай прафесіяй.

Як вынік, правілы паводзін падчас летніх канікулаў гэтыя дзеці ведаюць на выдатна. Выхавальнікі і ратавальнікі не без гонару кажуць: за гэтых хлопчыкаў і дзяўчынак можна не хвалявацца.